Літва: Менск цікавіўся і рахункамі Саюзу беларускіх пісьменнікаў
Паводле старшыні
Камітэту нацыянальнай бяспекі Літвы Арвідаса Анушаўскаса, запыты пра рахункі
пасля скандалу з Алесем Бяляцкім не задавальняюцца.
«Напрыклад, быў падобны запыт пра рахункі
арганізацыі беларускіх пісьменнікаў. Мы такой інфармацыі не падалі.
Расследаванне дало тое, што ўсе цяпер установы каардынуюць свае дзеянні ў
перадаванні інфармацыі з Міністэрствам замежных справаў», – заявіў ён
«Белсату».
У самой жа Літве, як і ў
Беларусі, па-ранейшаму стае тых, хто задаецца пытаннем: хто напраўду можа
стаяць за інцыдэнтам з Бяляцкім?
Паводле афіцыйнай версіі, згоду на перадаванне інфармацыі з рахункаў Бяляцкага
дала чыноўніца Міністэрства юстыцыі Аўшра Бярнаціене, якая пазней вымушаная
была сысці ў адстаўку. Аднак хутка пасля гэтага літоўскія медыі напісалі пра
новыя дэталі справы. Як выявілася, муж Бярнаціене мае ў Менску адвакацкую
кантору, якая кансультуе бізнесоўцаў вельмі прыбытковых інвестыцыйных праектаў,
што рэалізоўваюцца ў Беларусі. Ці можа гэта быць простым супадзеннем?
Спекуляцыі ў медыях не знайшлі рэакцыі на афіцыйным узроўні.