Суд над Зінаідай Міхнюк працягнецца 11 лістапада
У судзе Маскоўскага раёна Брэста адбылося судовае паседжанне, якое тычыцца затрымання ў дзень правядзення Народнага сходу ў гэтым горадзе Зінаіды Міхнюк, якая была адным з арганізатараў згаданага мерапрыемства.
Спадарыню Міхнюк затрымалі 8 кастрычніка каля брэсцкага
парку воінаў-інтэрнацыяналістаў, за некалькі гадзін да пачатку Народнага сходу.
Паводле складзенага супрацоўнікамі міліцыі пратакалу, прычынай для затрымання
сталася тое, што Зінаіда Міхнюк брыдкасловіла. Пасля гэтага яе амаль тры
гадзіны трымалі ў Маскоўскім РАУС Брэста.
Падчас разгляду гэтай справы 3 лістапада ў судзе Маскоўскага раёну Зінаіда
Міхнюк не прызнала абвінавачання і
запатрабавала, каб у суд з’явіліся супрацоўнікі міліцыі, што бралі ўдзел
у яе затрыманні. Аднак у якасці сведкі прыйшоў толькі адзін з пяці міліцыянтаў,
які ў вельмі зняважлівай форме зазначыў, што Міхнюк сапраўды ужывала
нецэнзурныя словы. Паколькі астатнія сведкі-міліцыянты не з’явіліся з надуманых
прычынаў, суддзя Алена Рэўцкая перанесла разгляд справы
на 11 лістапада.