viasna on patreon

Бабруйск: Затрымалі за запаленыя свечкі

2011 2011-11-03T09:52:45+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/sviechkazhaloby.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Бабруйчане планавалі ўшанаваць памяць продкаў ціха, сабрацца ля касцёла і праваслаўнай царквы, запаліць свечкі і рушыць да помніка ахвярам рэпрэсій. Але супрацоўнікі міліцыі загадзя ведалі, што і дзе будзе адбывацца, і палічылі запаленыя свечкі нагодай для затрымання.

Большая частка людзей адразу прыйшла да помніка, там ужо знаходзіліся міліцыянты, людзі ў цывільным і супрацоўнікі аддзела ідэалогіі. На гэтым месцы затрыманняў не было, і бабруйчане спакойна запалілі свечкі ля камня і знаходзіліся там працяглы час. Таксама міліцыя дзяжурыла ля касцёла і Мікалеўскага сабора.

Чацвярых маладых людзей – Алену і Дзмітрыя Тоўсцік, Арцёма Мархачова і Марыну Іванову затрымалі пасля таго як яны выйшлі з сабора з запаленымі свечкамі і накіраваліся ў бок плошчы Перамогі.

-Мы паспелі адыйсці ўсяго на некалькі метраў ад Мікалаеўскага сабора, як нас затрымалі супрацоўнікі міліцыі, - распавядае Алена Тоўсцік. – Увесь працэс здымаў нейкі чалавек на відэакамеру. Мяне вялі ў машыну даволі груба, цягнулі за руку, быццам бы я супраціўляюся. Маёр Андрэй Малахаў вельмі нерваваўся і крычаў на нас. У аддязленні міліцыі нас апыталі – дзе жывем, чым займаемся, з якой мэтай і куды ішлі. Спрасілі нават, дзе і за колькі мы набылі свечкі! Мы патлумачылі, што сёння Дзяды, і мы вырашылі ўшанаваць памяць продкаў. На нас склалі пратаколы, якія падпісалі толькі трое з нас. Што будзе далей з гэтых пратаколаў, мы не ведаем.

Маладых людзей пратрымалі ў аддзяленні міліцыі на вуліцы Гогаля каля гадзіны. Дзяўчаты і хлопцы паведамілі таксама, што міліцыянты ім казалі пра нейкія “чорныя спісы”, у якіх знаходзяцца яны, ды іншыя бабруйчане.

-Нас таксама “падкалывалі” у аддзяленні, маўляў, адзін мясцовы “апазіцыянер” ад касцёла са свечкай да помніка дайшоў. Дык ён не папаўся, а мы папаліся! -  працягвае распавядаць Алена Тоўсцік. – Яны за ўсімі сачылі. Таксама сказалі, што запаленымі свечкамі мы прыцягвалі да сябе ўвагу грамадзян, і ў гэтым нашая віна. Але мы вінаватымі сябе не лічым, і не разумеем, што дрэннага ў запаленых свечках.

Цікава, што інфармацыю пра фармат і час акцыі мясцовыя дэмактывісты вырашылі не агучваць, і перадавалі яе з вуснаў у вусны. Але міліцыя ведала пра яе ўжо напрыканцы мінулага тыдня, і аператыўна пачала абыход-абтэлефаноўванне людзей з гэтага таямнічага “чорнага спіса”.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства