Першамайскі райсуд патрабуе з Тацяны Севярынец выплаты штрафу, які яна ўжо сплаціла
Віцебская актывістка распавяла, што атрымала ліст з Першамайскага райсуду, дзе гаворыцца, што супраць яе завялі выканаўчую справу. Судовая выканаўца Кацярына Ткачонак піша, што спадарыня Севярынец дагэтуль не выплаціла штраф, прысуджаны ёй у ліпені за арганізацыю несанкцыянаванай акцыі.
Штраф, кажа Тацяна Севярынец, быў выплачаны яшчэ 20 ліпеня:
“Я сказала, каб шукалі, дзе падзеліся грошы. Грошы там не малыя, ажно 700 тысяч рублёў, гэта амаль ус мая пенсія. Урэшце судовая выканаўца паабяцала, што зробіць запыт у гарвыканкам, ці паступалі грошы на адпаведны разліковы рахунак”.
11 ліпеня Тацяну Севярынец аштрафавалі на 20 базавых вілічынь, абвінаваціўшы ў арганізацыі несанкцыянаванай акцыі 3 ліпеня. У той дзень віцебская каардынатарка аргкамітэту па стварэнні партыі БХД прыйшла на плошчу Перамогі, дзе праходзіла акцыя маўклівага пратэсту, і ўжо адтуль разам з сябрамі скіравалася на Ўспенскую горку, дзе ладзілася малітва за найхутчэйшае вызваленне палітвязняў.
Рух па вуліцы Леніна ў кампаніі аднадумцаў быў расцэнены міліцыянтамі як несанкцыянаванае шэсце, і пратакол перадалі ў суд. Абскардзіць судовую пастанову, якую вынес суддзя Яўген Буруноў, так і не ўдалося.