Раман Юргель дамогся прабачэнняў ад прадстаўнікоў абласнога суду
Гарадзенскі праваабаронца Раман Юргель дамогся прабачэнняў ад старшыні абласнога суду і судовых выканаўцаў, якія незаконна імкнуліся распачаць выканаўчую вытворчасць у судзе за нібыта невыплату Юргелем штрафу памерам 120 грыўнаў на карысць аднаго з украінскіх судоў. А між тым Юргель у час аплаціў штраф і прадставіў патрэбную квітанцыю. З афіцыйнага тлумачэння за подпісам старшыні абласнога суду Аляксандра Грынкевіча вынікае, што ў выніку працоўнай занятасці адбылася памылка, судовыя выканаўцы В. Жукоўская і А. Кажанеўская склалі свае прабачэнні, а за выяўленую нядбайнасць будуць пазбаўлены прэміі за верасень бягучага году. Сам Раман Юргель быў на асабістым прыёме ў старшыні абласнога суду, які таксама прасіў выбачыць суд за дапушчаную памылку і парушэнне грамадзянскіх правоў.