viasna on patreon

Адкрыты ліст Міністру інфармацыі Міхаілу Падгайнаму (Рада грамадскага аб'яднання "Беларуская асацыяцыя журналістаў")

2002 2002-08-29T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Спадар міністр!
Ведамства, якое Вы ўзначальваеце, надзеленае шырокімі паўнамоцтвамі. Яно кантралюе выкананне заканадаўства аб сродках масавай інфармацыі, рэгіструе новыя СМІ, прымае "меры па недапушчэнні злоўжывання свабодай масавай інфармацыі, свабодай выдавецкай дзейнасці, а таксама цэнзуры" і г.д. Гэтых паўнамоцтваў дастаткова для таго, каб забяспечыць "рэалізацыю канстытуцыйнага права грамадзян Рэспублікі Беларусь на свабоду слова, друку і інфармацыі".
Аднак мы вымушаны канстатаваць, што сёння Міністэрства інфармацыі ператвараецца ў механізм зашчамлення гэтых правоў і свабод. Апошнім пацверджаннем таго стала яго ўмяшальніцтва ў канфлікт паміж заснавальнікамі газеты "Свободные новости". Па Вашым ўказанні было спынена друкаванне газеты пасля заявы аднаго з чацвярых яе заснавальнікаў. Зрабілі Вы гэта напярэдадні выхаду новай газеты "Обозреватель", шэф-рэдактарам якой і з'яўляецца той самы заснавальнік - Сяргей Атрошчанка.
Такім чынам, Вы не толькі ўмяшаліся ў прыватныя справы, што катэгарычна недапушчальна ў адпаведнасці з артыкулам 2 Грамадзянскага кодэксу, але і спрыялі абмежаванню канкурэнцыі, што таксама забаронена Законам. Больш за тое, прыкрываючыся абаронай інтарэсаў аднаго з заснавальнікаў, Вы праігнаравалі інтарэсы тысяч падпісчыкаў і чытачоў газеты "Свободные новости" - дарэчы, цалкам прыбытковага выдання.
Фактычна Вы падтрымалі С.Атрошчанку ў ягоных патрабаваннях да галоўнага рэдактара Аляксандра Уліцёнка праводзіць "узгадненне і зацверджанне падрыхтаваных да выпуску нумароў газеты". Гэта азначае цэнзуру. Нас гэта не здзіўляе. Таму што менавіта пры Вас - "самым дэмакратычным міністры" - у Беларусі адрадзілася цэнзура.
Роўна год таму, 27 жніўня, быў часова прызначаны выканаўцам абавязкаў дырэктара прыватнай друкарні "Мэджык" Уладзімір Глушакоў, на той момант - Ваш першы намеснік. У выніку некаторыя газеты ў перадвыбарчы перыяд выходзілі "з белымі плямамі".
Як ускосную цэнзуру трэба разглядаць і вынясенне Вамі афіцыйных папярэджанняў, што ставяць газеты пад пагрозу закрыцця. Гэтую меру запалохвання Вы, як правіла, ужываеце да недзяржаўных выданняў. Да дзяржаўнай прэсы у Вас падыход іншы. Пры Вашым непасрэдным удзеле ў краіне насаджаецца стаўленне да дзяржаўных СМІ як да састаўной часткі кіравальнага механізму, як да прапагандысцкай машыны, задейсненай для выканання ідэалагічных заказаў.
Насуперак артыкулу 4 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, які не дапускае навязвання якой-небудзь ідэалогіі ў якасці абавязковай, Вы нават датычна літаратурна-мастацкіх выданняў спрабуеце праводзіць адзіную інфармацыйную палітыку. Дзеля гэтага Вы аб'ядналі часопісы "Полымя", "Неман", ""Маладосць", "Крыніца", "Всемирная литература" і газету "Літаратура і мастацтва" у холдынг. Пры гэтым была праігнаравана пазіцыя Саюзу беларускіх пісьменнікаў - і практычна прыватызаваны ўладамі "Крыніца" і "ЛіМ", да якіх ні Міністэрства інфармацыі, ні які-небудзь іншы дзяржаўны орган дачынення наогул не мелі.
Пры Вас адбылася экспансія расійскіх СМІ ў Беларусі, а Вы ўсё яшчэ працягваеце абмяркоўваць ідэі стварэння адзінай беларуска-расійскай інфармацыйнай прасторы. З Вашай маўклівай згоды ў апошнія месяцы згорнута грамадская дыскусія па праекце новага Закону аб сродках масавай інфармацыі. Дапрацоўка законапраекту праводзіцца кялейна. Ваша абяцанне ініцыіраваць накіраванне законапраекту еўрапейскім экспертам, што прагучала ў Страсбургу на "Слуханнях па сітуацыі з СМІ ў Беларусі", так і застаецца ўсяго толькі абяцанкай.
Міхаіл Васільевіч! Вашы словы аб адданасці дэмакратычным каштоўнасцям разыходзяцца з Вашымі справамі. Калі Вы не ў стане забяспечыць выкананне законнасці у сферы СМІ альбо хаця б выкананне Вашых уласных абяцанняў - падайце ў адстаўку!

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства