З Аксанай Самуйлавай хоча сустрэцца ўчастковы
Сёння раніцай на мабільны тэлефон каардынатара кампаніі “Гавары праўду!” па Магілёўскай вобласці Аксаны Самуйлавай патэлефанаваў участковы інспектар, які прапанаваў ёй тэрмінова сустрэцца. Актывістка ад сустрэчы адмовілася, спаслаўшыся на тое, што яна зараз адсутнічае па месцы пражывання.
- Сёння дзесьці каля сямі гадзін раніцы на мой мабільны тэлефон патэлефанаваў незнаёмы мужчына, які прадставіўся нашым участковым інспектарам і прапанаваў тэрмінова сустрэцца, - распавядае Аксана Самуйлава. – У чым неабходнасць такой тэрміновай сустрэчы, ён ніяк не патлумачыў, таму ад сустрэчы я адмовілася, сказала, што няхай дасылае мне позву ва ўстаноўленым парадку і тады я з ім сустрэнуся. Таксама я патлумачыла, што зараз дома не знаходжуся. Участковы пацікавіўся, калі я буду знаходзіцца па месцы пражывання і паабяцаў абавязкова зайсці да мяне ў госці.
На думку Аксаны Самуйлавай, хутчэй за ўсё ўчастковы жадае сустрэцца з ёй для таго, каб урычыць асабіста позву ў суд.
- Суседзі мне казалі, што да мяне на кватэру супрацоўнікі міліцыі наведваліся ўжо неаднаразова, аднак зараз я бываю там не вельмі часта, таму сустрэцца са мной яны не змаглі, - кажа Аксана. – Думаю, што яны хочуць уручыць мне позву ў суд пад роспіс.
Нагадаем, што 3 верасня аўтамабіль Аксаны Самуйлавай быў затрыманы супрацоўнікамі ДАІ ў Магілёўскім раёне. Супрацоўнікі дзяржаўтаінспекцыі спынілі аўтамабіль, які рухаўся па трасе Бабруйск-Магілёў, спаслаўшыся на тое, што падобны аўтамабіль праходзіць у арыенціроўцы, як здзейсніўшы ДТЗ са смяротным сыходам. Машына была накіраваная ў РАУС Магілёўскага раёна, дзе супрацоўнікі ДАІ перадалі аўтамабіль Аксаны Самуйлавай міліцыянерам з райаддзела. Супрацоўнікі РАУС абшукалі машыну і знаўшлі ў багажніку друкаваную прадукцыю кампаніі “Гавары праўду!”, якая была канфіскавана пасля пераліку.