Барысаў: суд над зборшчыкам подпісаў за НС перанеслі на два тыдні
27 кастрычніка ў Барысаве прайшло судовае паседжанне ў дачыненні да зборшчыка подпісаў за правядзенне Народнага сходу Мікалая Ільюшонка. На дэмактывіста складзены пратакол па арт. 23.32 КаАП «Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавага мерапрыемства або пікетавання».
Падставай для разбору стаў інцыдэнт, які адбыўся яшчэ 21 верасня. Тады пры зборы подпісаў Мікалая Ільюшонка спынілі супрацоўнікі Барысаўскага РУУС, правялі ў міліцыю, зрабілі дагляд асабістага аўтамабіля, а пазней зрабілі агляд яго дома, маючы намер знайсці агітацыйныя матэрыялы Народнага сходу. 6 кастрычніка Мікалая выклікалі ў міліцыю для падпісання пратаколу аб адміністрацыйным правапарушэнні па арт. 23.32 КаАП «Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавага мерапрыемства або пікетавання». І вось сёння адбыўся суд пад старшынствам суддзі Барысаўскага раённага суда А.А. Шутко.
Былі заслуханыя паказанні сведак жыхароў дома № 67 па вул. Гагарына, дзе Ільюшонка і затрымалі 21 верасня. «Сведкі настолькі блыталіся ў сваіх паказаннях, што зразумець што-небудзь было даволі цяжка, - распавядае прысутная на судзе праваабаронца Марына Статкевіч. - Іх паказанні ў пратаколах зусім не супадалі з тым,што было сказана ў судзе. Але не можа не насцярожваць пазіцыя суддзі: ён казаў толькі аб парушэнні заканадаўства аб масавых мерапрыемствах. Хаця арганізацыя Народнага сходу падпадае пад дзеянне закона аб мясцовых сходах».
Паказанні апытаных сёння сведак не далі магчымасці суддзі разабрацца ў сітуацыі. Таму ён перанёс паседжанне на два тыдні да 10 лістапада. Тады ў суд будуць выкліканыя ў якасці сведак міліцыянты, якія затрымлівалі Мікалая Ільюшонка.