viasna on patreon

Грамадскі актывіст з Кіраўска здолеў знайсці працу толькі ў Расіі

2011 2011-10-27T15:25:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/pracauladkavannie.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Грамадскі актывіст з Кіраўска Аляксандр Баран, які быў звольнены з працы пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 года, так і не здолеў уладкавацца на працу ў сваім раёне. Для таго, каб неяк забяспечыць сабе існаванне, ён паехаў працаваць на будоўлі ў Расійскую Федэрацыю. Гэта пры тым, што некалькі год таму Аляксандр перанёс інсульт.

Падчас выбарчай прэзідэнцкай кампаніі Аляксандр Баран актыўна працаваў у складзе ініцыятыўнай групы кандыдата на пасаду прэзідэнта Уладзіміра Някляева, з’яўляўся актывістам кампаніі “Гавары праўду!”. Ён быў вымушаны звольніцца з працы ў хуткім часе пасля сканчэння выбарчай прэзідэнцкай кампаніі. Аляксандр працаваў у кацельнай жыллёва-камунальнай гаспадаркі райцэнтра.

Неабходна адзначыць, што Аляксандр Баран быў арганізатарам сустрэчы Уладзіміра Някляева ў Кіраўску, збіраў подпісы ў яго падтрымку, ладзіў пікеты і быў назіральнікам у дзень выбараў. Таму яго не здзівіла прапанова адміністрацыі прадпрыемства звольніцца, актывіста неаднаразова неафіцыйна папярэджвалі, што калі ён будзе ўдзельнічаць у выбарчай кампаніі на баку альтэрнатыўнага кандыдата, праваць ён не будзе.

 “Мне прапанавалі два варыянты майго звальнення – альбо па артыкуле, альбо па ўласным жаданні. Я выбраў другі варыянт”, - распавядае Аляксандр Баран.

Актывіст на працягу некалькіх месяцаў спрабаваў уладкавацца на працу. У невялікім раённым гарадку гэта наогул складана, а яго асабіста яшчэ наймальнікі не жадалі браць з-за апазіцыйнай дзейнасці.

“Калі я прыходзіў уладкоўвацца на працу, мне прама ў вочы казалі: ““што ты да нас прыйшоў, ідзі да свайго Някляева і ў яго ўладкоўвайся на працу”,  - узгадвае Аляксандр. - У іншых арганізацыях гаварылі, што вакантных працоўных месцаў няма. Працы ў Кіраўску я так і не здолеў знайсці”.

Да таго ж 28 сакавіка гэтага года ўрачэбная камісія ў горадзе Бабруйску пазбавіла Аляксандра Барана трэццяй групы інваліднасці, якую ён атрымаў пасля перанесенага інсульта. Перасталі выплочваць невялікую пенсію ў двесці дваццаць тысяч рублёў, дзякуючы якой ён мог неяк выжываць. Грамадскі актывіст застаўся практычна без сродкаў да існавання.

Алена Мядзведзева, каардынатар кампаніі “Гавары праўду!” па поўдні Магілёўскай вобласці, кажа, што Аляксандр знаходзіўся ў вельмі цяжкім становішчы на працягу некалькіх месяцаў:

“Калі Сашу пазбавілі групы па інваліднасці, мы спрабавалі аднавіць яе з дапамогай юрыстаў, дабіваліся перагляду рашэння ўрачэбнай камісіі. Нажаль, у нас гэта не атрымалася. Працы ў раёне яму не давалі, гэта ў нас звычайная практыка, калі ты неяк праяўляеш сваю грамадскую актыўнасць. Дапамагалі яму самі, як маглі. Я спрабавала вырашыць пытанне, каб яму аказала хоць нейкую дапамогу “Гавары праўду!”, аднак ніхто яму так і не дапамог. У выніку ў гэтым месяцы Саша паехаў працаваць на будоўлю ў Маскву, каб хоць неяк выжыць. Вельмі хвалююся за яго, бо праца там цяжкая, а стан здароўя ў яго вельмі дрэнны. Што казаць, самі разумееце - які з чалавека будаўнік пасля перанесенага інсульта”.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства