Уладзіміра Лемеша дапыталі па справе пра падпал Дома правасуддзя
На пачатку тыдня, 24 кастрычніка, ў Салігорску быў дапытаны моладзевы актывіст грамадскай кампаніі “Еўрапейская Беларусь” Уладзімір Лемеш. Допыт адбываўся ў межах крымінальнай справы пра падпал Дома правасуддзя.
Па словах маладзёна, гэта ўжо другі допыт яго ў якасці сведкі па гэтай справе. Першы адбыўся ў Менску некалькі месяцаў назад.
- Салігорскія міліцыянты пачалі мяне расшукваць яшчэ ў мінулую пятніцу, прыходзілі да бацькоў. Дзіўным чынам гэтая іх актыўнасць супала са стартам новай хвалі штодзённых акцый Салідарнасці з палітзняволеннымі, распачатай “Еўрапейскай Беларуссю”, - кажа Уладзімір Лемеш. - Новы допыт быў толькі фармальнасцю, бо на тыя ж пытанні я ўжо даваў адказы следству раней.
Варта адзначыць, што дапытваў маладзёна супрацоўнік Салігорскага РАУС Салавей, якога міліцэйскае начальства стала прыцягвае да пераследу мясцовых моладзевых актывістаў.