Генпракуратура вынесла папярэджанне журналістцы Белсату
Аліна Радачынская была выкліканая ў Генпракуратуру Беларусі ў сувязі з папярэднім затрыманнем разам са сваім аператарам. Тады журналістаў дапыталі адносна таго, які тэлеканал яны прадстаўляюць і матэрыялы для якога СМІ збіраюць, аднак ніякіх пратаколаў не складалі.
Прыкладна праз месяц Аліну Радачынскую і Алега Ражкова выклікалі ў Генпракуратуру і пасля невялікага допыту вынеслі дзяўчыне афіцыйнае папярэджанне аб недапушчальнасці супрацоўніцтва з польскім тэлеканалам Белсат.
Сама Аліна Радачынская адзначыла, што нязгодная з папярэджаннем і лічыць, што не парушала сваімі дзеяннямі патрабаванні закона аб СМІ. Таксама яна збіраецца абскарджваць гэтае папярэджанне. Аліна нагадала, што супрацоўнікі Белсату неаднаразова прабавалі атрымаць акрэдытацыю ў Беларусі, аднак афіцыйны Мінск увесь час у гэтым тэлеканалу адмаўляў.