У Магілёве будуць судзіць Уладзіміра Шанцава
26 кастрычніка кіраўнік Магілёўскай абласной арганізацыі Аб’яднанай Грамадзянскай партыі Уладзімір Шанцаў быў выкліканы ў Ленінскі РАУС у якасці сведкі па справе арганізацыі Народнага сходу ў горадзе. Аднак пасля з’яўлення ў міліцыю яго перавялі ў статус абвінавачанага.
“Мяне пратрымалі ў РАУСе амаль тры гадзіны. На мяне склалі пратакол аб адміністратыўным правапарушэнні за парушэнне закона аб правядзенні мясцовых і рэспубліканскіх сходаў. Мяне вінавацюць у тым, што я не падлічыў колькасць удзельнікаў Народнага сходу ў Магілёве”, - гаворыць палітычны актывіст. - Мне далі копію пратакола і сказалі, што будуць судзіць. Пра дату судовага паседжання паведамяць пазней”.
Праваабаронца Барыс Бухель адзначае, што ўпершыню па Беларусі чалавека абвінавачваюць у парушэнні парадку правядзення мясцовага сходу. Усіх астатніх удзельнікаў Народнага сходу ў краіне абвінавачваюць у парушэнні заканадаўства аб масавых мерапрыемствах.
“У сувязі з тым, што мясцовыя ўлады прызналі, што гэта мясцовы сход, то арыштаваць Уладзіміра Шанцава не павінны. Калі суд прызнае абгрунтаванымі дробныя парушэнні, якія былі дапушчаны падчас правядзення мерапрыемства, то ён атрымае штраф ад 20 базавых велічынь”, - дадае праваабаронца.
Нагадаем, што 25 кастрычніка міліцыя цягам двух гадзінаў дапытвала магілёўскага дэмакрата. Допыт вёў старэйшы лейтэнант Загорскі. Для гэтага ў міліцыянта быў падрыхтаваны спіс пытанняў, датычных аргнізацыі сходу.