Віцебскіх арганізатарак Народнага сходу будуць судзіць
На Ірыну Яскевіч, якая праводзіла Народны сход 8 кастрычніка, і Тацяну Севярынец, якая была сакратаром, склалі пратаколы за парушэнне закону аб правядзенні масавых мерапрыемстваў. Цяпер “за арганізацыю несанкцыянаванай акцыі” ім пагражае суд.
Абедзьве спадарыні не згодныя з абвінавачаннем.
“Я нават не стала падпісваць пратакол, бо гэта лухта! Я патлумачыла, што ёсць закон пра мясцовыя сходы, і што мы кіраваліся менавіта ім. На правядзенне такіх імпрэзаў дазвол уладаў не патрэбны. Дарэчы, мы адносілі ў гарвыканкам запрашэнне, прасілі прадстаўнікоў выступіць перад прысутнымі, але ніхто так і не з’явіўся. А вось міліцыя на сходзе была – нават узроўню абласной управы МУС. Але ніхто нас не папярэджваў, што мы робім нешта супроцьзаконнае, і не казаў, каб мы перапынілі мерапрыемства. Такім чынам, ялічу, што пратакол на мяне як на парушальніцу заканадаўства цалкам беспадстаўны”, - сказала Таццяна Севярынец.
Да слова, міліцыянты трапілі да яе ў кватэру толькі з другой спробы: спачатку ў сям’і было вырашана іх не ўпускаць і патрабаваць позву. Але, раз ужо супрацоўнікі Кастрычніцкага РАУС выказалі жаданне “абслугоўваць” спадарыню Таццяну ў яе дома, яна пагадзілася на размову.
Ірыну Яскевіч міліцыянты таксама заспелі ў кватэры. Пратакол, складзены за адміністратыўнае правапарушэнне, яна падпісала. Але дапісала тлумачэнне.
“Пра тое, што мы не збіраемся парушаць закон пра масавыя мерапрыемствы, я тлумачыла яшчэ 7 кастрычніка ў пракуратуры, куды мяне выклікалі напярэдадні Народнага сходу. Так што я гатова запрасіць на суд і пракурора, які са мной размаўляў, і жыхароў дамоў №2 і №4 па вуліцы Багдана Хмяльніцкага, у двары якіх праходзіў сход. Няхай яны будуць сведкамі – распавядуць, што гэта быў не мітынг ці пікет, а менавіта сход, на ўдзел у якім мае права кожны жыхар Рэспублікі Беларусь”, - кажа Ірына Яскевіч.
Дата суду пакуль не вядомая. Спадарыні Яскевіч і Севярынец мяркуюць звярнуцца да паслугаў адвакатаў, а на суд запрасіць як мага больш журналістаў і праваабаронцаў.