Затрыманыя Максім Вінярскі і, верагодна, Васіль Парфянкоў (дадалося)
У выніку акцыі салідарнасці з палітвязнямі, якую сёння на Кастрычніцкай плошчы сталіцы ладзілі актывісты “Еўрапейскай Беларусі”, затрыманыя каардынатар гэтай ініцыятывы Максім Вінярскі і, верагодна, палітвязень Васіль Парфянкоў. Вінярскі дастаўлены ў РУУС Цэнтральнага раёна. Парфянкоў у суправаджэнні двух “ціхароў” едзе ў “сотцы”, звязацца з ім па тэлефоне не ўдаецца.
Вінярскі быў затрыманы супрацоўнікамі спецслужбы як толькі з’явіўся на плошчы, каля 19:00. “Мы праводзім і штодня будзем праводзіць акцыі на знак падтрымкі і салідарнасьці з палітвязьнямі” – Радыё Свабода цытуе словы Максіма, на якіх спецназаўцы абарвалі яго прамову і, нагадаўшы пра папярэджанні пра незаконнасць правядзення акцыі, заштурхалі яго ў аўтамашыну.
Актывіст быў дастаўлены ў РУУС Цэнтральнага раёна. Відавочна, на яго будзе складзены пратакол па арт. 23.34 КаАП за арганізацыю акцыі і разгляд адміністратыўнай справы ў адпаведным райсудзе адбудзецца заўтра.
Васіль Парфянкоў, палітвязень, якога першым судзілі за дэманстрацыю 19 снежня 2010 года ў Менску, пасля завяршэння акцыі на прыпынку каля плошчы заўшоў ў гарадскі аўтобус па маршруце № 100, куды за ім зайшлі два супрацоўнікі ў цывільным. На тэлефанаванні хлопец доўгі час не адказваў.
Пазней высветлілася, што Васіль Парфянкоў сапраўды быў затрыманы асобамі ў цывільным, якія даставілі яго ў РУУС Цэнтральнага раёна, дзе на той момант ужо знаходзіўся Максім Вінярскі. Парфянкова адпусцілі праз тры гадзіны без складання пратаколу.
Сёння на акцыю салідарнасці з палітвязнямі сабралася каля дзесятка чалавек, каля трох дзесяткаў журналістаў і, як заўсёды, шмат супрацоўнікаў спецслужбаў.