viasna on patreon

Што прадракае абранне новага старшыні Мінскай гарадской калегіі адвакатаў?

2011 2011-10-24T19:33:02+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/advakatura-rb.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

22 кастрычніка адбыўся агульны сход сябраў Мінскай гарадской калегіі адвакатаў (МГКА), на якім была разгледжана заява Аляксандра Пыльчанкі пра спыненне яго паўнамоцтваў старшыні МГКА, а таксама прадстаўленне Міністэрства юстыцыі пра датэрміновае адкліканне Пыльчанкі з займаемай ім пасады.

Рашэннем агульнага сходу паўнамоцтвы Аляксандра Пыльчанкі ў якасці старшыні МГКА спыненыя. Прадстаўленне Міністэрства юстыцыі прынята да ведама і лічыцца выкананым.

Далей, у адпаведнасці з парадкам агульнага сходу, абіралі новага старшыню. Выбары прайшлі ў два туры. У першым туры ніхто з кандыдатаў не набраў неабходнай колькасці галасоў. У другі тур прайшлі адвакаты Мікалай Яцкевіч і Андрэй Санковіч. Па выніках галасавання ў другім туры большую колькасць галасоў набраў Андрэй Санковіч, які і быў абраны новым старшынёй МГКА.

Андрэй Санковіч ў адвакатуры з 1999 года. Спецыяльны дазвол (ліцэнзія) на права займацца адвакацкай дзейнасцю № 02240/0069400 ад 28.12.2009 г. У ходзе разгляду крымінальнай справы па падзеях 19 снежня 2010 года ў Мінску пасля прэзідэнцкіх выбараў абараняў абвінавачанага Дзмітрыя Новіка. Працуе адвакатам юрыдычнай кансультацыі Партызанскага раёна горада Мінска.
 
Андрэя Санковіча лічаць пратэжэ старшыні Рэспубліканскай калегіі адвакатаў (РКА) Наталлі Андрэйчык, якая раней была загадчыцай юрыдычнай кансультацыі Партызанскага раёна.

Варта адзначыць, што Наталля Андрэйчык у красавіку 2010 года была катэгарычна супраць абрання Аляксандра Пыльчанкі старшынёй МГКА. Падчас знаходжання Пыльчанкі на гэтай пасадзе яна сістэматычна процідзейнічала ініцыятывам, ажыццяўляемым ім і Прэзідыумам МГКА.

Таксама Наталля Андрэйчык уваходзіць у склад кваліфікацыйнай камісіі па пытаннях адвакацкай дзейнасці Міністэрства юстыцыі. І на падставе рашэння кваліфікацыйнай камісіі з яе ўдзелам 14 лютага 2011 г. былі пазбаўлены ліцэнзіі адвакаты Уладзімір Тоўсцік і Тамара Гараева, якія баранілі Ірыну Халіп, адвакат Алег Агееў, які бараніў Алеся Міхалевіча, адвакат Таццяна Агеева, якая таксама ўдзельнічала ў вытворчасці следчых дзеянняў па гэтай крымінальнай справе.

Варта адзначыць, што 18 лютага 2011 года ў сувязі з пазбаўленнем Мінюстам ліцэнзій адвакатаў, а таксама ініцыятывай міністэрства па прыняцці Правілаў прафесійнай этыкі адвакатаў, у інтэрв'ю інфармацыйнаму агенцтву Аляксандр Пыльчанка заявіў, што "увесь кіруючы склад Мінскай гарадской калегіі адвакатаў лічыць сітуацыю, якая склалася, крытычнай і рэальна пагрозлівай як для незалежнасці адвакатуры як прававога інстытута, так і для незалежнасці адвакатаў паасобку".

Пасля пазбаўлення названых адвакатаў ліцэнзіі ў лютым 2011 г. адбылося паседжанне Прэзідыума МГКА з запрашэннем загадчыкаў юрыдычных кансультацыяў, на якім было прынята рашэнне пра правядзенне агульнага сходу з мэтай асудзіць дадзеныя дзеянні Мінюста.

Спроба кіраўніцтва МГКА абараніць адвакатаў ад дзеянняў дзяржавы ў асобе Мінюста была вельмі негатыўна ацэнена Наталляй Андрэйчык. Пастановай Прэзідыума РКА ад 24 лютага 2011 г. №01/02 стыль кіраўніцтва старшыні МГКА Аляксандра Пыльчанкі быў прызнаны непрымальным і асуджаны. Па-за кампетэнцыяй Прэзідыума РКА было ўказана на немагчымасць далейшага выканання ім сваіх абавязкаў. У абгрунтаванне пастановы было ўказана, у тым ліку, што Аляксандр Пыльчанка ў інтэрв'ю “ўвесь час робіць акцэнт на тое, што пазбаўлены ліцэнзіі адвакаты, якія баранілі удзельнікаў акцыі 19 снежня 2011 года. Зварот па дадзеным пытанні ў сродкі масавай інфармацыі з недапушчальнымі акцэнтамі палітычнага характару, уцягненне адвакатаў калегіі ў зусім непатрэбную канфрантацыю з дзяржаўнымі органамі сведчыць пра няздольнасць старшыні МГКА прымаць узважаныя і правільныя рашэнні”.

Пасля гэтага агульны сход адвакатаў МГКА з мэтай асудзіць дзеянні Мінюста і паспрабаваць абараніць калег было вырашана не праводзіць.

Пазіцыя Наталлі Андрэйчык прывяла да таго, што ў наступныя месяцы Міністэрствам юстыцыі былі працягнуты рэпрэсіўныя мерапрыемствы ў шэрагах адвакатаў МГКА. На паседжаннях пазачарговых атэстацыйных камісій не былі атэставаны адвакаты, якія ўдзельнічалі ў працэсах па справе па падзеях 19 снежня 2010 г. - Дар'я Ліпкіна, якая бараніла Мікіту Ліхавіда, Ганна Бахціна, якая бараніла Ірыну Халіп, а таксама Ірына Бурак, якая бараніла Аляксандра Класкоўскага і Анатоля Лябедзьку. Разам з тым, у далейшым гэтыя адвакаты былі атэставаны калегіяй Мінюста і дзеянне іх ліцэнзій не спынялася. 30 жніўня 2011 г. на паседжанні калегіі Міністэрства юстыцыі было зацверджана рашэнне кваліфікацыйнай камісіі пра спыненне дзеяння ліцэнзіі адваката Тамары Сідарэнка, якая абараняла экс-кандыдата ў прэзідэнты Уладзіміра Някляева, а таксама, пасля пазбаўлення ліцэнзіі адваката Алега Агеева, і Алеся Міхалевіча.

Нагадаем, што ў сакавіку 2011 года па прадстаўленні Мінюста з МГКА быў выключаны Павел Сапелка, які ў рамках крымінальных справаў па снежаньскіх падзеях 2010 г. абараняў экс-кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава, Паўла Севярынца і Змітра Дашкевіча.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства