viasna on patreon

Незалежныя экспэрты: Эмбарга на пастаўку лічбавых тэхналёгіяў можа стаць сыгналам салідарнасьці й мець маральнае значэньне

2011 2011-10-20T15:00:24+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/asamblejanda.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Асамблея няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў Беларусі

Асамблея няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў Беларусі

Праблема выкарыстаньня электронных і тэлекамунікацыйных тэхналёгіяў  у краінах з аўтарытарным рэжымам дзеля парушэньня правоў грамадзянаў мае цяпер глябальнае значэньне.  Ці павінны дэмакратычныя краіны ўвесьці поўнае эмбарга альбо неяк абмяжоўваць экспарт тэхналёгіяў і абсталяваньня, калі яны могуць быць выкарыстаныя як сродкі ўціску й парушаць правы чалавека? Да глябальнай дыскусіі па гэтым пытаньні далучыліся й прадстаўнікі беларускіх НДА, палітыкі й экспэрты ў галіне мэдыя і IT у межах круглага стала, які правяла Асамблея НДА 19 кастрычніка ў Менску.

Удзельнікі круглага стала прыйшлі да высновы, што наўрад ці ўвядзеньне эмбарга можа аказацца тэхнічна эфэктыўным. У той жа час увядзеньне пэўных абмежаваньняў у гэтай сфэры можа мець маральнае й палітычнае значэньне праз прызнаньне правоў чалавека як найважнейшую меру ацэнкі законнасьці выкарыстаньня тых ці іншых тэхналёгіяў.

Паводле выканаўчага дырэктара Асамблеі НДА Сяргея Лісічонка, дагэтуль эўрапэйская супольнасьць не надавала шмат увагі такім момантам, як абсталяваньне й праграмнае забесьпячэньне, якое можа скарыстоўвацца для сачэньня за грамадзкімі актывістамі ў інтэрнэце й праз тэлефанію, інтэрнэт-цэнзуры ды блякаваньня пэўных рэсурсаў у Сеціве.

“Зараз шэраг міністэрстваў замежных справаў краінаў ЭЗ пачалі вывучаць не толькі праблему парушэньня правоў чалавека ў Беларусі, але й праблему, зьвязанаю з выкарыстаньнем адмысловых праграмных прадуктаў і тэхналагічнага абсталяваньня, якое выкарыстоўваецца для прыцісканьня правоў і свабодаў грамадзянаў. Эўрапейская супольнасьць дыскутуе адносна таго, ці трэба забараніць пастаўку абсталяваньня й праграмнага забесьпячэньня тым краінам, якія могуць выкарыстоўваць яго для сачэньня за палітычнымі апанэнтамі й рэпрэсіяў ў дачыненні да іх за выказваньні ў інтэрнэце.  Пасля апошніх акцыяў маўклівага пратэсту мы ведаем, што некалькі актывістаў прыцягвалася да адказнасьці за тое, што яны на сваіх старонках заклікалі да ўдзелу ў мірных акцыях”, - адзначыў Сяргей Лісічонак.

На яго думку, Беларусь можа апынуцца ў ліку краін, у дачыненьні да якіх Эўразьвяз можа ўвесьці эмбарга на пастаўку высокіх тэхналёгіяў.

“Неабходна больш шырока інфармаваць грамадзтва пасродкам СМІ пра наяўнасьць праблемы выкарыстаньня інфармацыйных тэхналогіяў супраць грамадзкіх актывістаў у Беларусі, а таксама праводзіць асьветніцкія кампаніі па мінімальнай адукацыі кампутарнай бясьпецы й працы ў інтэрнэце як грамадзкіх актывістаў, так і простага насельніцтва”, - лічыць мэдыяэкспэрт Ірына Віданава.

На думку адмыслоўца ў галіне IT Аляксея Чарняева, “ніякае эмбарга на пастаўкі высокіх тэхналёгіяў альбо праграмнага абсталяваньня для адсочваньня іншадумства ў Сеціве дзейнічаць на сто адсоткаў ня будзе”.

“Нават калі краіны ЭЗ увядуць такое эмбарга супраць Беларусі, тэхналёгію адсочваньня можна будзе атрымаць праз трэція рукі. Гэта ня спыніць тых, хто мае намер адсочваць за дэмакратычнымі актывістамі й іх дзейнасьцю ў інтэрнэце”, - адзначыў Чарняеў.

Магчымым сродкам узьдзеяньня, на думку ўдзельнікаў круглага стала, можа стаць забарона на прадастаўленьне сэрвісаў тэхнічнай падтрымкі й абслугоўваньня праграмных і апаратных сыстэмаў, якія выкарыстоўваюцца рэпрэсіўнымі рэжымамі для палітычнага ўціску, а таксама забарона на продаж тэхналёгіяў й абсталяваньня, якія адназначна прызначаныя для шпіянажу й кантролю.

Адзінадушным меркаваньнем сталася неабходнасьць празрыстасьці й публічнага раскрыцьця зьместу кантрактаў на пастаўку пэўнага абсталяваньня у краіны з рэпрэсіўнымі рэжымамі.

 

Удзельнікі круглага стала маюць намер прыцягваць да абмеркаваньня гэтай праблемы як унутры Беларусі, так і на міжнародным узроўні.
Прэс-служба Асамблеі

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства