Прадстаўніцтва ЕС заклікала Беларусь не прымаць шэраг «рэпрэсіўных праектаў заканадаўства»
Прадстаўніцтва Еўрапейскага саюза заклікала Беларусь не прымаць шэраг «рэпрэсіўных праектаў заканадаўства» і спрыяць дзейнасці арганізацый грамадзянскай супольнасці і палітычных партый. З такой заявай яно выступіла са згоды кіраўнікоў місій краін ЕС у Мінску, паведамілі БелаПАН у прэс-службе прадстаўніцтва Еўрасаюза.
Прадстаўніцтва ЕС «з занепакоенасцю прыняло да ўвагі разгляд, што працягваецца, некаторых заканадаўчых актаў, чыё прыняцце жорстка абмежавала б свабоды і правы грамадзян Беларусі і ўяўляла б сабой крок назад з пункта гледжання захавання Беларуссю правоў чалавека і вяршэнства права», адзначаецца ў заяве.
Выказана таксама занепакоенасць тым, што «прыняцце праекта закона, які ўнёс бы папраўкі ў закон аб грамадскіх аб’яднаннях ды іншыя законы, што рэгулююць палітычную дзейнасць, прывяло б да ўзмацнення ціску на грамадзянскую супольнасць і палітычную апазіцыю, якія ўжо дзейнічаюць у складаных абставінах і ад якіх патрабуюць выканання абмежавальных патрабаванняў пры рэгістрацыі».
«Прыняцце праекта паправак у заканадаўства пра масавыя мерапрыемствы прывяло б да далейшага абмежавання правоў грамадзян Беларусі, а таксама іх свабод выказвання і сходаў», — адзначана ў дакуменце.
Прадстаўніцтва занепакоена «абмеркаваннем, што ідзе, праекта закона аб службах дзяржаўнай бяспекі, які ўяўляе сабой пагрозу фундаментальным свабодам і прыняцце якога значна пашырыла б адвольныя паўнамоцтвы КДБ, не надаўшы пры гэтым адпаведнай увагі праблеме прапарцыйнага выкарыстання сілы».
«Прадстаўніцтва ЕС заклікае Беларусь ісці па шляху да забеспячэння свабод выказванняў, асацыяцый і сходаў грамадзян краіны ў адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі і міжнароднымі абавязацельствамі Беларусі, у тым ліку праз спрыянне дзейнасці арганізацый грамадзянскай супольнасці і палітычных партый у краіне», - гаворыцца ў заяве.
Нагадаем, з заклікам да ўладаў Беларусі не ўводзіць у дзеянне новыя законапраекты, якія носяць рэпрэсіўны характар, ад імя Еўрасаюза выступіла 14 кастрычніка Мая Качыянчыч, прэс-сакратар вярхоўнага прадстаўніка ЕС па замежных справах і палітыцы бяспекі Кэтрын Эштан.
Папраўкі ў заканадаўства, якія рэгулююць правядзенне масавых мерапрыемстваў, а таксама грамадска-палітычную дзейнасць у краіне, былі прыняты ў першы ж дзень працы восеньскай сесіі парламента, увечары 3 кастрычніка, пры адсутнасці СМІ.
Законапраект аб унясенні зменаў у закон аб органах дзяржбяспекі, які пакуль толькі ўнесены на разгляд парламента, значна пашырае правы супрацоўнікаў спецслужб, у тым ліку дазваляе бесперашкоднае пранікненне ў любы час сутак у жылыя і офісныя памяшканні, прымяненне фізічнай сілы і спецсродкаў.