Міліцыянты шукаюць Тацяну Севярынец, “каб пагаварыць”
Без позвы і тлумачэнняў прычыны візіту ў кватэру, дзе жыве віцебская каардынатарка аргкамітэту па стварэнні партыі БХД, з’явіліся трое невядомых.
“Тацяны дома не было, калі ў кватэру пазванілі невядомыя мне людзі, двое з іх былі ў міліцэйскай форме і адзін у цывільным. Яны не назваліся, толькі сказалі: “Вы нас не ведаеце!”-- распавёў муж актывісткі Кастусь Севярынец, які адмовіўся ўпусціць візіцераў у кватэру.
Невядомыя спрабавалі праз дзверы даведацца, дзе цяпер знаходзіцца Тацяна Севярынец, “каб пагаварыць з ёй”, але адказу не дачакаліся. Ад’ехалі на “цывільнай” машыне, аднак з “мігалкай” на даху, дадаў спадар Кастусь.
Спадарыня Тацяна кажа, што позваў у пастарунак не атрымлівала, і, “каб пагаварыць” проста так ні да каго не пойдзе і не паедзе. Яна мяркуе, што цікаўнасць міліцыянтаў можа быць выклікана яе ўдзелам у аргкамітэце Народнага сходу. Сход прайшоў у Віцебску 8 кастрычніка, а пасля імпрэзы супрацоўнікі міліцыі доўга пільнавалі вядоўцаў Ірыну Яскевіч, Тацяну Севярынец і Валера Спаткая, аднак іх схавалі ад перасьледу жыхары дому па вуліцы Багдана Хмяльніцкага, у двары якога праводзіўся сход.