Журналіста Юрыя Гуменюка турбуюць судовыя выканаўцы
Незразумелыя рэчы адбываюцца апошнім часам у горадзе над Нёманам у дачыненні да мясцовых грамадскіх актывістаў і журналістаў. Складваецца ўражанне, што мясцовыя сілавыя органы працягваюць псіхалагічна ціснуць на раней затрыманых і асуджаных прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці. Апошняя гісторыя датычыць сябра БАЖ і ПЭН-клубу, паэта Юры Гуменюка. У ліпені ён быў асуджаны да 12 сутак адміністрацыйнага арышту, а пазней заплаціў за ўтрыманне там 77 тысяч беларускіх рублёў. Гэтыя грошы былі пералічаныя праз “Беларусбанк” у адведзены час. Аднак, ужо ў верасні цягам некалькіх дзён запар міліцыянты турбавалі маці журналіста тэлефанаваннямі і нават прыходзілі дахаты. Самому Гуменюку тэлефанавалі і прапаноўвалі прыйсці ў пастарунак на вуліцу Гараднічанскую і падпісаць паперу пра няўдзел у несанкцыянаваных грамадскіх акцыях.
У канцы ж мінулага тыдня паштарка прынесла Гуменюку позву ад судовага выканаўцы, у якой ні былі пазначаны ні дата яўкі, ні прычына. Калі ж Гумянюк патэлефанаваў у суд Ленінскага раёну, судовая выканаўца іранічна заявіла, што магчыма яго турбуюць з медвыцвярэзніка па адрасе Гая, 4. Аднак, выцвярэзнік зусім па іншым адрасе, а па ўказаным -- ізалятар часовага ўтрымання. Юры Гумянюк заявіў, што ён мае квітанцыю аб аплаце выдаткаў. У банку журналісту пацвердзілі, што плацёж прайшоў. Урэшце публіцыст схадзіў у суд і аддаў квітанцыю судовай выканаўцы. Апошняя сумелася і паабяцала адаслаць квітанцыю ў ІЧУ.
Сам Юры Гумянюк лічыць, што мае справу хутчэй усяго з формай псіхалагічнага ціску, аднак, не выключае і версіі пра недарэчнасць, якая сталася магчымай з-за чалавечай нядбайнасці.
Нагадаем, што Юры Гуменюка затрымалі 3 ліпеня пасля акцыі маўклівага пратэсту, дзе журналіст рыхтаваў матэрыял. У той дзень у Гародні былі затрыманы ажно восем мясцовых журналістаў. Паказальна, што Гуменюка затрымалі не на акцыі, а ў кавярні па вуліцы Віленскай. Пазней у пратаколе нібыта пра адміністрацыйнае правапарушэнне быў амаль на гадзіну сфальшаваны час затрымання, а суддзя Наталля Козел у зачыненым рэжыме засудзіла журналіста да 12 сутак арышту.