Пракуратура «умывае рукі»
Аршанская пракуратура не захацела рэагаваць на парушэнне заканадаўства, а прапанавала звярнуцца ў суд. Раней мы паведамлялі пра беспаспяховую спробу аршанскіх праваабаронцаў Васіля Леўчанкава і Васіля Бераснева арганізаваць пікет у сваім горадзе.
Справа гэта, як высвятляецца, вельмі няпростая і амаль безнадзейная. З аднаго боку, гарвыканкам усталяваў сваім рашэннем, што для атрымання дазволу на пікет патрабуецца ў абавязковым парадку дамова з мясцовым ГАУС, з другога боку - міліцыя адмаўляецца такі дагавор заключаць, спасылаючыся на адсутнасць супрацоўнікаў.
Вось гэтую самую адмову Аршанскага ГАУС заключыць дагавор на ахову пікету праваабаронцы і абскардзілі ў гарадской пракуратуры.
У адказ на днях адтуль прыйшла адпіска за подпісам старэйшага памочніка пракурора Оршы Д. Кубракова, датаваная 2010 годам. Падобна на тое, што пракуратура ў Оршы жыве па календары, які адрозніваецца ад агульнапрынятага. Сэнс адказу - звяртайцеся ў суд.
Такім чынам, пракурорскія работнікі адмовіліся рэагаваць на неправамерныя дзеянні кіраўніцтва ГАУС, хоць мелі для гэтага ўсе паўнамоцтвы. Папросту кажучы «умылі рукі».