viasna on patreon

Валянцін Стэфановіч: Відаць, уладам надакучыла актыўнасць беларускіх праваабаронцаў…

2011 2011-10-11T16:46:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/stefanovich-2010.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Валянцін Стэфановіч

Валянцін Стэфановіч

Аб правах чалавека ў Беларусі, замежных рахунках і гучнай “справе Бяляцкага” карэспандэнт “Народнай Волі” гутарыць з вядомым беларускім праваабаронцам Валянцінам СТЭФАНОВІЧАМ.

- Валянцін, давайце пачнём з таго, як вы прыйшлі да праваабарончай дзейнасці?

- У праваабарончым цэнтры “Вясна”, які некалькі гадоў таму зачынілі, я стаў працаваць з верасня 98-га. Але цікавіцца грамадска-палітычным жыццём пачаў у 1994 годзе, калі прымаў удзел у прэзідэнцкай выбарчай кампаніі і на той момант агітаваў за лідара Партыі БНФ Зянона Пазьняка, працаваў назіральнікам на тых прэзідэнцкіх выбарах. Тады я быў студэнтам, удзельнічаў ва ўсіх акцыях “Мінскай вясны”, меў дачыненне да стварэння структур “Маладога фронту”… Усё гэта і сфарміравала ў будучым маю жыццёвую пазіцыю. У 1998 годзе я атрымаў дыплом, пэўны час працаваў юрыстам на Мінскім падшыпнікавым заводзе, а ў хуткім часе апынуўся ў “Вясне”.

- Кажуць, што праваабаронца -- гэта стан душы…

- Няма ўзаконенага тэрміну “праваабаронца”, але ёсць Дэкларацыя, якая была прынята Генеральнай Асамблеяй ААН. Яна і вызначае крытэрыі, хто такі праваабаронца -- гэта чалавек, які адзін альбо ў групе асоб займаецца абаронай правоў чалавека. А правы чалавека -- гэта вельмі шырокае паняцце, якое не абмяжоўваецца толькі палітычнымі пераследамі.

- Вы скончылі юрыдычны факультэт Міжнароднага інстытута працоўных і сацыяльных зносін, заснавальнікам якога была Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі?

- Так, але хачу адзначыць, што той юрыдычнай адукацыі, якую, прынамсі, даюць у нашых універсітэтах, абсалютна не дастаткова, каб працаваць у накірунку абароны правоў чалавека ў Беларусі. Гэта вельмі вялікі кавалак міжнародных норм, а іх у нас мала хто выкладае. Можа, таму ў нашых дзяржаўных органаў і такое стаўленне: для нас, маўляў, усё, што датычыцца міжнародных абавязацельстваў -- нішто.

- А ці даводзілася вам сустракацца з аднакурснікамі, што называецца, па розныя бакі барыкад?

- Пасля заканчэння вучобы я мала з кім бачуся, але некалькі разоў такое было. Адзін з маіх аднакурснікаў -- намеснік міністра юстыцыі Беларусі, у 2001 годзе сутыкаўся падчас ператрусаў у кампаніі “Незалежнае назіранне” з супрацоўнікам аддзела па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі, які таксама вучыўся са мной. Не скажу, што ў мяне да іх нейкія варожыя адносіны, але, як кажуць, на брудэршафт не п’ём. Кожны застаецца пры сваім разуменні і стаўленні да сітуацыі.

- Ці цяжэй зараз працаваць праваабаронцам?

- Скажам так: раней было прасцей. Ва ўсякім разе за краты не адпраўлялі, хоць ва ўсе часы былі свае складанасці. Напрыклад, спачатку быў зарэгістраваны праваабарончы цэнтр “Вясна-96”, але затым не перарэгістравалі. Гэта была першая ахвяра. Літаральна кожны год у нас былі чарговыя і пазачарговыя праверкі Міністэрства юстыцыі. У 2001 годзе, калі пачалі актыўны ўдзел у назіранні за выбарамі, нашы назіральнікі былі пазбаўлены акрэдытацыі за дзень да выбараў па рашэнні Цэнтрвыбаркама. Неаднаразова выносіліся папярэджанні, а ў 2003 годзе Вярхоўны суд і наогул ліквідаваў “Вясну”, хоць за апошнія два гады ніякіх папярэджанняў нам не выносілася. Там было шмат прэтэнзій з боку Мінюста, пачынаючы з таго, што мы быццам бы подпісы падрабілі падчас рэгістрацыі і гэтак далей. Суд гэта не прыняў да ўвагі, але ліквідаваў за грубыя парушэнні заканадаўства, якія, маўляў, былі два гады таму. Натуральна, мы не пагадзіліся з такім рашэннем. Звярталіся ў Камітэт па правах чалавека ААН, які ў 2007 годзе прыняў рашэнне, што ліквідацыя “Вясны” -- парушэнне артыкула 22 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, а дзесяць чалавек былі прызнаны ахвярамі парушэнняў правоў чалавека. Беларускаму ўраду было прадпісана перарэгістраваць арганізацыю на працягу 90 дзён, але, натуральна, нічога гэтага не адбылося. Мы тройчы рабілі спробы вярнуцца ў легальнае поле і тройчы нам адмаўлялі. Апошні раз дайшло да абсурду! У спісе заснавальнікаў з 70 чалавек у чатырох знайшлі быццам бы няправільна ўказаныя звесткі аб месцы працы. Напрыклад, адна жанчына напісала, што працуе ў сярэдняй школе, а трэба было -- “ у сярэдняй адукацыйнай школе”. Другі напісаў -- “кіраўнік гуртка”, а трэба -- “кіраўнік секцыі”…

- Такія “недахопы” можна выправіць за некалькі секунд…

- Мы таксама задавалі такое пытанне, але ў Міністэрстве юстыцыі нам адказалі, што адтэрміноўку не дадуць, бо гэта права рэгіструючага органа, а яны гэтага рабіць не хочуць. Адным словам, усім зразумела, што праваабарончы цэнтр проста не хацелі рэгістраваць. Вось і ўсё! З 2006 года сітуацыя яшчэ больш пагоршылася, калі была крыміналізавана дзейнасць незарэгістраваных арганізацый. З гэтага моманту мы фактычна кожны дзень знаходзіліся пад пагрозай крымінальнага пераследу, хоць нікуды і не хаваліся. І публічна заявілі, што будзем працягваць праваабарончую дзейнасць, бо ў адпаведнасці з Дэкларацыяй аб праваабаронцах маем права займацца гэтым у групе асоб і шукаць фінансаванне для работы. І калі дзяржава абмяжоўвае нашы правы, дык тут больш пытанняў да дзяржавы. У нашай Канстытуцыі запісана, што не дазваляецца дзейнасць арганізацый, якія прапагандуюць гвалт, вайну, расавую і рэлігійную варожасць. “Вясна” гэтым не займалася. І тое, што сёння Алесь Бяляцкі аказаўся за кратамі, -- вынік планамернай палітыкі ўлады ў дачыненні да няўрадавых арганізацый: выпіхванне з легальнага поля, абмежаванне на заканадаўчым узроўні магчымасці знешняга і ўнутранага фінансавання.

- Такім чынам, грошы, якія знайшлі на вашым і Алеся Бяляцкага рахунках, былі не асабістымі?

- Натуральна! Ёсць узаемаадносіны паміж намі і фондамі. Апошнія пералічвалі грошы на рахункі, а мы трымалі справаздачу перад імі, на якія патрэбы фінансы патрачаны. З гэтага боку да нас ад фондаў ніякіх прэтэнзій не было і няма. І гэта не мае даходы і не асабістыя даходы Бяляцкага, як гэта хочуць прадставіць. Гэта пераслед праваабаронцаў, якія займаліся сваёй звычайнай дзейнасцю. Трэба называць рэчы сваімі імёнамі.

- Аднак юрыдычна да справы не падкапаешся. Ёсць замежныя рахункі, не плаціліся падаткі, а значыцца, было парушана беларускае заканадаўства…

- Паўтаруся, на рахунках былі не асабістыя сродкі Бяляцкага, гэтыя грошы па распараджэнні фондаў прадастаўляліся трэцім асобам (у тым ліку і ахвярам палітычных рэпрэсій) менавіта як дапамога. Што датычыцца асабістага прыбытку, дык і я, і Бяляцкі былі зарэгістраваны ў падатковай інспекцыі. Я свой падатак рэгістраваў кожны год, выплачваў 12 працэнтаў у бюджэт. Але чаму я павінен плаціць падатак яшчэ і не са сваіх грошай? Цікава, ці плаціла польская “Салідарнасць” падаткі, калі змагалася з камуністычным рэжымам?

- Ці можна было пазбегнуць гэтай сітуацыі?

- Пытанне вельмі складанае. Як я казаў, у Беларусі атрымаць такую замежную дапамогу практычна немагчыма. Іншая справа, што сённяшняя сітуацыя патрабуе пэўных дыскусій з нагоды таго, якім павінна быць супрацоўніцтва краін Еўрасаюза ў плане прававой дапамогі з аўтарытарнымі рэжымамі. А ўвогуле, у мяне такое адчуванне, што беларускія ўлады, калі рабілі запыт аб рахунках, проста закінулі вуду “на авось”, і ім пашэнціла, бо запыты былі абсалютна нематываваныя. Калі зыходзіць з тых дамоўленасцяў, на іх можна было і не адказваць, бо не было распісана ў межах якіх працэдур запытваецца інфармацыя. На нас жа не было заведзена аніякіх крымінальных спраў. Атрымалася, што не крымінальная справа ў Беларусі стала падставай для запыту ў Літву, а наадварот -- інфармацыя з суседняй краіны паслужыла ўзбуджэнню крымінальнай справы. Сёння з гэтай нагоды шмат версій, але, як мне падаецца, -- гэта вынік неналежнага ўзаемадзеяння дзяржаўных органаў Літвы і Польшчы.

- А ўвогуле, як вы даведаліся, што рахункі знайшлі і чакаецца крымінальная справа?

- Напрыканцы чэрвеня гэтага года мне і Алесю Бяляцкаму патэлефанавалі з падатковай інспекцыі і выклікалі да сябе. На месцы паказалі пакет дакументаў, які ў іх быў. Пасля прагляду тых дакументаў, што былі ў Алеся, стала зразумела, што ёсць падставы для яго крымінальнага пераследу. Але на той момант ніякіх папер адносна крымінальнай справы не было. Я на крымінальную справу “не цягнуў”, але было зразумела, што мяне чакае адміністрацыйны пераслед і спагнанне грошай. Тады ўсё гэта выглядала вельмі дзіўна. Зараз ужо вядома, што інфармацыя аб рахунках была перададзена беларускім уладам у сакавіку, запыт паступіў у лютым. Фармальна крымінальную справу маглі распачаць яшчэ вясной, але чамусьці гэта не было зроблена. Ды і Бяляцкага можна было не выклікаць у падатковую інспекцыю і не даводзіць да ведама. Распачалі справу -- і ўсё. Алесь мне тады казаў: “Напэўна, гэта зроблена адмыслова, каб пад пагрозай пераследу я пакінуў краіну і папрасіў палітычны прытулак”. І на самай справе -- ужо пасля таго як гэта здарылася, у Бяляцкага была неабмежаваная магчымасць выезду за мяжу. Я не буду рабіць таямніцу з таго, што варыянт палітычнай эміграцыі паміж намі і на самай справе абмяркоўваўся. Казаў Алесю: “Можа, лепш застацца ў Вільнюсе і кіраваць адтуль?” Той проста адмёў такія варыянты, заявіўшы: “Я не буду рабіць палёгкі для ўлады. Няхай самі вырашаюць, што далей рабіць са мной”. І 4 жніўня Алеся Бяляцкага затрымалі. Я якраз ехаў у Вільнюс, у дарозе даведаўся… Але, азіраючыся назад, магу сказаць, што сённяшняя сітуацыя -- абсалютна не выпадковая. Як мне падаецца, 19 снежня -- гэта быў той рубеж, пасля чаго пачалася асаблівая “цікавасць” беларускіх улад да праваабаронцаў. У нас адразу ж прайшлі ператрусы, канфіскавалі камп’ютары… З тых часоў на офіс сілавікі наведваліся разоў пяць. Напэўна, наша актыўнае назіранне за выбарамі і матэрыяльная падтрымка палітычных ахвяр вельмі раздражнялі ўлады. Думаю, калі б мы займаліся нейкімі акадэмічнымі рэчамі, то і не было б ніякіх арыштаў. Але настаў перыяд часу, калі ўладам надакучыла наша актыўнасць. І “глебу” для гэтага рыхтавалі даўно. А тут -- такі падарунак ад літоўскага і польскага бакоў! Усе карты ў рукі! Справа дазваляе правесці работу як па знішчэнні аўтарытэту ўсяго праваабарончага руху ў Беларусі, так і прадэманстраваць Захаду, што гэта звычыйны крымінал з нявыплатай падаткаў. Іншая справа, што ў Еўропе ўсё цудоўна разумеюць. Але ў нас пэўная колькасць людзей можа паверыць у тое, што пададуць дзяржаўныя СМІ.

- А дзяржаўныя СМІ пададуць, што беларускія праваабаронцы сядзяць на мяхах з доларамі, маюць свае рахункі, на якіх вялізныя сумы…

- Асабіста мяне гэта не турбуе, бо я ведаю шмат-шмат людзей, якім мы дапамаглі, і якія ведаюць, чым мы займаемся. І не хаваю, што прыкладалі намаганні па пошуку сродкаў, таму што пасля 19 снежня рэпрэсіі насілі масавы характар, як вы ведаеце, адразу былі кінуты за краты больш за 700 чалавек. Дарэчы, шукаем не толькі знешняе фінансаванне, але і ўнутранае. Гэта было не наша рашэнне, каб пасля летніх маўклівых акцый людзі пачалі праз інтэрнэт збіраць грошы. Але ж збіралі, прыносілі, каб мы перадалі пацярпелым… Для мяне гэта падкрэслівае найвышэйшы аўтарытэт арганізацыі. Што датычыцца мяне асабіста, то акрамя кватэры, у якой жыву, больш нічога не маю, калі нехта думае, што я купаюся ў золаце. Ды і нашы ўлады вельмі добра ведаюць, на што ішлі грошы праваабаронцаў.

- Пасля таго, як арыштавалі Алеся Бяляцкага, вы каля двух месяцаў знаходзіліся ў Літве. Не было жадання папрасіць палітычнага прытулку?

- Адразу хачу сказаць, што я знаходзіўся ў Літве даволі працяглы час, таму што сумесна з Міжнароднай федэрацыяй правоў чалавека мы праводзілі працу па гэтай справе. Хоць, буду шчырым, прапановы аб палітычным прытулку мне паступалі неаднаразова. Перш-наперш -- ад літоўскага кіраўніцтва. Мне асабіста тэлефанаваў міністр замежных спраў Літвы, які казаў прыкладна так: нас вельмі непакоіць ваша бяспека ў Беларусі, магчыма, вам варта застацца тут… Але я вырашыў ехаць дахаты. Мы ўжо фактычна 15 гадоў працуем у такіх умовах, таму і гэтая справа не павінна была стаць нечаканасцю. Акрамя таго, лічу, што калі мы хочам, каб праваабаронцы мелі магчымасць нейкім чынам уплываць на сітуацыю, то ім патрэбна знаходзіцца ў роднай краіне, а не за мяжой.

- Якімі вам бачацца перспектывы ўсёй гэтай справы?

- Супраць мяне заведзена адміністрацыйная справа за нявыплату падаткаў, падатковая інспекцыя пастанавіла спагнаць 31 мільён 500 тысяч рублёў нібыта ўтоенага падатку, а таксама 6 мільёнаў рублёў пені. Будзе суд. Пра перспектывы ж справы Алеся Бяляцкага вельмі цяжка казаць, таму што сітуацыя зараз вельмі хутка мяняецца. Напрыклад, пасля 19 снежня, калі пачаліся жорсткія рэпрэсіі, калі б мне сказалі, што праз паўгода людзей пачнуць вызваляць, я б у гэта не паверыў. Але тэарэтычна можна было гэта прадбачыць, бо эканамічны крызіс вымушае ўлады шукаць падтрымкі ў Еўропе. Мы прыкладалі і прыкладаем максімум высілкаў, каб Алесь быў вызвалены таксама. Ён пацярпеў выключна за сваю пятнаццацігадовую дзейнасць. Справа ўжо перададзена ў суд, будзем спадзявацца, што працэс пройдзе ў адкрытым рэжыме. Але я ўпэўнены ў адным -- невінаваты чалавек павінен быць на свабодзе.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства