Гамяльчук-сведка, якога нібыта абразіў актывіст Ігар Случак, валодае талентам тэлепартацыі?
У жніўні ў Гомелі судзілі за стандартнае з боку актывістаў дэмакратычнага руху правапарушэнне «дробнае хуліганства» Ігара Случака. Малады чалавек атрымаў трое сутак арышту, якія і правёў у ІЧУ. Сведкам яго супрацьпраўных паводзінаў выступаў на судзе нейкі жыхар Гомеля Сяргей Замай, які неаднаразова прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці, стаяў на ўліку ў інспекцыі па справах непаўналетніх, і «у дастатковай колькасці», па яго ж словах, ужывае алкаголь. Гэты чалавек сцвярджаў, што каля 16.00 Ігар Случак штурхнуў яго ў плячо ў раёне вуліцы Студэнцкі праезд, а потым яшчэ і брудна аблаяў. Нягледзячы на асобу сведкі, суд поўнасцю стаў на яго бок, і прызнаў, што актывіст здзейсніў правапарушэнне. Абскарджанне ў абласным судзе не прынесла плёну: рашэнне раённага суда засталося ў сіле, і абласны суддзя таксама напісаў, што прычын не давяраць сведку няма.
І вось тады прыйшлося Ігару Случаку самому шукаць афіцыйныя прычыны недаверу да паказанняў сведкі, калі суд не прымае пад увагу тое, што ён, мякка кажучы, чалавек ненадзейны.
Актывіст накіраваў запыт на месца працы сведкі Сяргея Замая, у лакаматыўнае дэпо, дзе пытаўся: дзе знаходзіўся іх працаўнік у дадзены перыяд часу, калі было нібыта здзейснена адміністрацыйнае правапарушэнне? Намеснік начальніка прадпрыемства адказаў, што 26 жніўня ў перыяд з 15.30 да 16.30 Сяргей Замай знаходзіўся на працоўным месцы, у лакаматыўным дэпо па адрасе Гаспадарчая алея, 1. дарэчы, калі верыць міліцэйскаму пратаколу, то ў 16.00 дадзены грамадзянін знаходзіўся ў іншай частцы Гомеля, а менавіта на Студэнцкім праездзе, адлегласць да якога ад лакаматыўнага дэпо – не менш за пяць кіламетраў, а нават і больш. Выходзіць, калі афіцыйныя органы – як кіраўніцтва лакаматыўнага дэпо, так і міліцыя, кажуць праўду, то дадзены сведка валодае талентам тэлепартацыі, то бок можа перамяшчацца з аднаго месца ў іншае імгненна, не існуючы ў прамежкавых кропках паміж імі, перамяшчацца праз прастору?
Цікава, што адкажа на скаргу Ігара Случака старшыня абласнога суда.
«Адразу было бачна, што гэта трагічная і камічная справа адначасова. Трагічная для мяне, бо я без віны быў пакараны арыштам, і зараз лічуся адміністрацыйным парушальнікам, што зневажае мае гонар і годнасць. А камічным тут выглядаюць праваахоўныя органы, асобы і суд што давялі гэту сітуацыю да абсурду, поўнасцю зняважыўшы судовую сістэму. Спадзяюся, старшыня Гомельскага абласнога суда, разгледзеўшы маю скаргу і ўлічваючы новыя абставіны, адменіць пастанову суда і хоць бы гэткім чынам спыніць знявагу сістэмы юстыцыі Беларусі», - пракаментаваў Ігар Случак.