Гомель: актывісты атрымліваюць лісты падзякі ад палітзняволенага А.Бяляцкага
Гомельскія грамадскія ды палітычныя актывісты пачалі атрымліваць лісты падзякі ад палітзняволенага Алеся Бяляцкага. Праваабаронца шчыра дзякуя за віншаваннні яго з днём народзінаў і падтрымку, а таксама выказвае надзею на хуткую сустрэчу.
“Паважаны Васіль. Я таксама перакананы, што праўда возьме верх. У мяне ўсё добра. Зараз, акурат знахожуся там, дзе і павінен быць праваабаронца пры такой сітуацыі ў краіне. Як пісаў Ул. Караткевіч – уся Беларусь гэта клетка. Па той бок муру, па ўсім відаць не на шмат лепей. А тут пабываеш – пачынаеш болей цаніць жыцце”, - напісаў Алесь у сваім лісце да кіраўніка абласной арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі Васіля Палякова.
“Уладзімір, добры дзень. У мяне ўсё з большага нармальна. Нічога асаблівага тут няма. Галаўнае каб здароўя было, а усё астатнее падолеем. Гляжу на прэсу, што і па той бок плоту нічога асаблівага не адбываецца. Таму – не вялікая розніца, дзе быць. Усім нашым знаёмым прывітанне. Да сустрэчы, Алесь", - такі ліст атрымаў гомельскі палітык Уладзімір Кацора.
Напамятаем, з ініцыятывы гомельскіх праваабаронцаў Анатоля Паплаўнага і Леаніда Судаленкі напярэдадні дня народзінаў Алеся Бяляцкага у Гомельскім рэгіёне была злажана акцыя “Павіншуй Бяляцкага з Днём народзінаў”, падчас якой віншавальныя паштоўкі падпісвалі неабыякавыя да лёсу праваабаронцы грамадскія ды палітычныя актывісты. У гэтыя ж дні ў абласным цэнтры распаўсюджвалась інфармацыйныя улеткі, якія расказвалі не толькі пра акалічнасці затрымання Алеся Бяляцкага, але ж і пра рэакцыю на гэтую падзею ва ўсім свеце.