Рэгіянальныя дзяржаўныя СМІ ўсё больш адрываюцца ад рэальнасці
Расце сацыяльнае напружанне і ўсё больш адчуваецца інфармацыйны голад у рэгіёнах. Імгненна разлятаюцца самыя неверагодныя чуткі, нагнятаецца паніка. А рэгіянальныя дзяржаўныя выданні, галоўныя ў сваіх мясцовасцях сродкі інфармацыі, маўчаць па актуальных тэмах і з апошніх сілаў намагаюцца падтрымаць ілюзію стабільнасці.
“Маладзечанская газета” дагаварылася да таго, што “крызіс – гэта добра”.
Так называўся адзін з падзагалоўкаў артыкула аб прадпрымальніцкай дзейнасці. Ніякага негатыву на старонках выдання, на першых палосах – толькі радасныя навіны, нават аб тым, як кароль Бутана ажаніўся з простай дзяўчынай.
Узгадалі слова “крызіс” і ў смаргонскім “Светлым шляху”. Але... толькі ў паведамленні аб тым, дзе пры “крызісным стане” можна атрымаць псіхалагічную дапамогу.
Валожынская “Працоўная слава” таксама стараецца пераканаць чытачоў, што ў раёне і краіне падзеі толькі станоўчыя і ўсё пад кантролем. “Аўтарытэт “Белай Русі” расце”, “Людзі давяраюць банкаўскай сістэме”, а “Цэннік – не пернік, каб усім падабацца”. Пра гэта паведамляюць газетныя артыкулы.
Не адрозніваюцца ад друкаваных афіцыйныя рэгіянальныя інтэрнет-рэсурсы: старонкі проста перанасычаны такімі словамі як “паляпшэнне, удасканаленне, спрашчэнне”.
Затое стваральнікі неафіцыйных мясцовых выданняў сцвярджаюць, што апошнім часам яны не паспяваюць задаволіць попыт на альтэрнатыўную інфармацыю.