viasna on patreon

Відавочныя прыкметы дыктатуры

2011 2011-10-13T18:36:33+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Папраўкі ў законы, зьвязаныя са зьнешнім фінансаваньнем партыяў і грамадзкіх арганізацыяў, правядзеньнем масавых мерапрыемстваў, праваабаронцы і прадстаўнікі дэмакратычнай апазыцыі лічаць палітычна матываванымі.

Атрыманьне замежнай фінансавай дапамогі для палітычных партый і няўрадавых аб’яднаньняў у Беларусі можа карацца двума гадамі турмы. Трыма гадамі турмы зьбіраюцца караць за публічныя заклікі да правядзеньня несанкцыянаваных мітынгаў, сходаў, шэсьцяў, пікетаў. Таксама прапануюцца зьмены ў закон, згодна зь якімі КДБ атрымлівае, фактычна, неабмежаваныя паўнамоцтвы. Камэнтуючы гэтыя новаўвядзеньні, лідэр кампаніі «Гавары праўду» Ўладзімер Някляеў сказаў:

«У Лукашэнкі быў час на выбар ад падзей 19 сьнежня. Ці ўсё-ткі да дэмакратыі, да таго, каб адпускаць гайкі, ці — куды ён, відаць, больш схільны ісьці, — да дыктатуры і закручваць гайкі. Ён, відавочна, выбраў другі шлях. Гэты другі шлях можа мець толькі адно апірышча — гэта апірышча сілавых структураў і наданьне ім яшчэ большых паўнамоцтваў, чым яны маюць. Гэта відавочна прыкметы дыктатуры. Але дыктатура — вельмі дарагая рэч. Але ж няма ў Беларусі сродкаў, каб утрымліваць дыктатуру, каб карміць гэтыя структуры, якім даецца даручэньне панаваць над усёй грамадзянскай супольнасьцю. Ён закручвае гайкі рукамі Зайцава, Куляшова».

Старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч назваў шакуючымі гэтыя зьмены ў заканадаўства. Аднак цягам апошніх гадоў улады рабілі ўсё, каб максымальна абмежаваць поле для любых пратэстаў.

«Гэтыя дзеяньні ўладаў, у некаторай ступені, — рэакцыя на маўклівыя пратэсты. Але асноўнае, чаму яны робяцца, — гэта максымальнае звужэньне поля для магчымай дзейнасьці апазыцыйных, дэмакратычных грамадзкіх арганізацый. Гэтыя зьмены вельмі моцна абмяжоўваюць, робяць фактычна немагчымым правядзеньне любых вулічных акцый. Гэта надзвычай трывожна, кепска і абсалютна неадэкватна сытуацыі, якая на сёньняшні момант пануе ў грамадзтве. Бо гэтыя дзеяньні насамрэч блізкія да ўвядзеньня нейкага надзвычайнага становішча. А ніякай патрэбы ўводзіць надзвычайнае становішча ў Беларусі няма».

Паводле старшыні АГП Анатоля Лябедзькі, гэтыя зьмены зьявіліся на просьбу КДБ, пракуратуры, судовай сыстэмы.

«Тое, што ёсьць дэ-факта, апранаюць у пэўную форму. Брутальныя дзеяньні, якія прапісаныя, мелі месца ўчора і сёньня. Ні КДБ, ні суду ня трэба ніякіх дадатковых паўнамоцтваў. Яны і так гэта робяць. Але ёсьць пэўны дыскамфорт. Там жывыя людзі, якія кажуць — нам нядрэнна было б, каб гэта было загорнута ва ўпакоўку закону. Каб мы гэтыя мярзотныя справы рабілі, абапіраючыся на нейкую прававую аснову. Вось і ўсё. Таму зьмест сёньняшняга дня апранаюць у пэўную форму».

Таксама па тэме:

Стэфановіч: «Маскі скінуты»

Мітынгі і замежныя гранты трапляюць пад забарону

За законапраект аб КДБ дэпутаты яшчэ не галасавалі

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства