Брэсцкія ўлады адмовілі ў правядзенні шэсця супраць незаконнага ўтрымання пад вартай Алеся Бяляцкага
Адпаведную заяўку ў мясцовы гарвыканкам падаваў праваабаронца Раман Кісляк, які планаваў 16 кастрычніка правесці адзіночнае вулічнае шэсце па пешаходнай частцы бульвара Касманаўтаў, каб прыцягнуць увагу жыхароў горада да факту парушэння права на свабоду віцэ-прэзідэнта Міжнароднай Федэрацыі за правы чалавека, кіраўніка закрытага ўладамі праваабарончага цэнтра “Вясна”.
У адказе з Брэсцкага гарвыканкама гаворыцца, што Кісляку адмоўлена ў шэсці на падставе таго, што да заявы не прыкладзены адпаведныя дамовы з органамі ўнутраных спраў, установай аховы здароўя і камунальным прадпрыемствам. Праваабаронца лічыць, што гэты адказ не адпавядае сутнасці пададзенай заяўкі, бо на падставе Закона “Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь” орган мясцовай улады мусіць “дазволіць” альбо “забараніць” правядзенне шэсця, а такой фармулёўкі як “адмовіць у правядзенні” дадзены заканадаўчы акт не ўтрымлівае.
Раман Кісляк паведаміў таксама, што мае намер напісаць скаргу генеральнаму пракурору з патрабаваннем правесці праверку дзейнасці мясцовых органаў улады па выдачы дазволаў на масавыя мерапрыемствы, а таксама арганізаваць навучанне супрацоўнікаў Брэсцкага гарвыканкама па захаванні Закона “Аб масавых мерапрыемствах”, бо ў гэтай установе і раней выкарыстоўвалі такія не адпавядаючыя заканадаўству фармулёўкі. Праваабаронца падкрэсліў, што паколькі адказ пра забарону вулічнага шэсця не атрыманы, ён мае намер правесці гэтую акцыю.