viasna on patreon

Гарадоцкі актывіст рыхтуе скаргу на дзеянні ДАІ

2011 2011-10-11T13:56:15+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/autuhou.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Леанід Аўтухоў

Леанід Аўтухоў

Леаніда Аўтухова спыніла ДАІ, калі ён вяртаўся з віцебскага Народнага сходу. Супрацоўнікі інспекцыі заявілі, што ён парушыў правілы дарожнага руху, выязжаючы з месца сустрэчы. Спадар Аўтухоў лічыць, што прэтэнзіі да яго маюць палітычныя падставы.

Актывіст, які адмыслова прыехаў з райцэнтру Гарадок у Віцебск, каб узяць удзел у Народным сходзе, рыхтуе скаргу ў абласную ўправу ўнутраных справаў Віцебскага аблвыканкаму на дзеянні супрацоўнікаў ДАІ. За свой гонар ён гатовы нават судзіцца, бо намеснік начальніка батальёна, які аддаваў загад затрымаць актывіста, яшчэ і нецэнзурна аблаяў яго пры сведках:

“Калі сход скончыўся, і я кіраваўся дахаты, мяне спыніў супрацоўнік ДАІ – нібыта я парушыў правілы дарожнага руху, пераехаўшы суцэльную лінію. Я здзівіўся, бо яе там і не было. Тады шэраговец прызнаўся, што загад на маё затрыманне перадаў намеснік начальніка батальёна. Ён сам і пад’ехаў неўзабаве.  Цытаваць тыя абразы, якія мне давялося пачуць на свой адрас, я проста не бяруся! Чамусьці супрацоўнікі міліцэйскіх структураў лічаць, што маюць права беспадстаўна абражаць людзей: ен не спыніўся нават тады, калі вакол пачаў збірацца натоўп. І ў мяне ёсць сведкі  ягоных паводзінаў!”

Сведкі – чатыры чалавекі – гэта пасажыры ў машыне спадара Аўтухова. А машына ў яго прыкметная: спераду вісіць сцяжок Еўразвязу, а ў салоне – бел-чырвона-белая стужка і лозунг “За Някляева!”:  Леанід Аўтухоў – старшыня раённай суполкі партыі БНФ і актывіст кампаніі “Гавары праўду”. Верагодна, гэта і стала “арыенцірам” для ДАІ, кажа кіроўца. А можа і тое, што на Народным сходзе ён прапанаваў уключыць у рэзалюцыю патрабаванне да ўладаў, каб  вызваліць усіх палітвязняў. Усіх выступоўцаў і ўвогуле ўдзельнікаў сурацоўнікі міліцыі ў цывільным здымалі на відэа.

Такім чынам, пасля Народнага сходу ў Леаніда Аўтухова забралі правы і выдалі часовы талон на праезд, які дзейнічае цягам 30 дзён. Дзеянні ДАІ ён лічыць незаконнымі, таму будзе скардзіцца вышэйшаму міліцэйскаму начальству. Тым больш што ягоны стаж кіроўцы – больш за 26 гадоў, і за гэты час ён не здзейсніў ніводнага сур’ёзнага парушэння ПДР. Але апошняя  прэтэнзія з боку ДАІ можа пацягнуць за сабой забарону на кіраванне аўтамабілем тэрмінам да двух гадоў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства