Арганізатары Народнага сходу ў Оршы былі затрыманыя міліцыяй, але акцыі гэта не перашкодзіла
Прыкладна за паўгадзіны да пачатку Народнага сходу ў Оршы міліцыяй былі затрыманыя Старшыня аргкамітэта па ягоным правядзенні 79-гадовы Мінай Карніенка, а таксама двое сяброў аргкамітэту Мікалай Дзямідаў і Леанід Цвяткоў. Усе трое - сябры партыі "Справядлівы свет". Як растлумачылі супрацоўнікі ў пагонах, нібы нейкія пільныя грамадзяне чулі, як гэтыя трое чалавек размаўлялі пра нейкую зброю.
Зразумела, ніякай зброі не знайшлося, як не атрымалася ўстанавіць і тых самых "пільных грамадзян". Праз пару гадзін усіх адпусцілі. Як лічаць самі затрыманыя, міліцыя тым самым імкнулася сарваць правядзенне сходу ў Оршы.
Калі так, то сілавікоў чакала расчараванне. 72 чалавекі прынялі ўдзел у запланаваным мерапрыемстве. Была прынятая галасаваннем і рэзалюцыя сходу. Пакуль сябры "Справядлівага свету" знаходзіліся ў Аршанскім ГАЎС, кіраўніцтва аргкамітэтам узялі на сябе актывісты іншых палітычных партый Оршы.