Старшыню Быхаўскай арганізацыі Партыі БНФ дастаўлялі ў міліцыю
Раніцай 8 кастрычніка старшыню Быхаўскай раённай арганізацыі партыі БНФ Сяргея Антонава выклікалі у мясцовы РАУС. Яму патэлефанавалі з райаддзела і прапанавалі прыбыць для тэрміновай гутаркі. Для таго, каб хутчэй даставіць Сяргея Антонава ў міліцыю, быў нават накіраваны службовы аўтамабіль.
Па словах спадара Антонава, ён пагадзіўся паехаць у міліцыю, бо патэлефанаваў супрацоўнік міліцыі, якога ён добра ведае асабіста, у свой час яны разам вучыліся . Таму Сяргей падумаў, што сапраўды адбылося нейкае надзвычайнае здарэнне і пагадзіўся прыехаць для гутаркі.
Калі ж Сяргея Антонава даставілі ў Быхаўскі райаддзел міліцыі, супрацоўнікі міліцыі пачалі запытвацца, што адбывалася на з’ездзе БНФ, які прайшоў амаль месяц таму ў Мінску. Спадар Антонаў параіў супрацоўнікам міліцыі прачытаць пра падзеі, якія адбываліся на з’ездзе партыі БНФ, у інтэрнэце і адразу ж пакінуў Быхаўскі РАУС.
Сяргей Антонаў выказаў меркаванне, што, хутчэй за ўсё, яго тэрмінова выклікалі ў міліцыю, каб пераканацца, што ён не з’ехаў на Народны сход у Мінск.
Сяргей Антонаў узначальвае быхаўскую раённую арганізацыю БНФ ужо некалькі гадоў, ён вядомы пісьменнік і журналіст. Яго прыгодніцкія раманы ў жанры “фэнтэзі” былі выдадзены накладам у некалькі дзесяткаў тысяч экзэмпляраў у Расіі ў серыі “Вселенная метро – 2033”.