На месцы Народнага сходу ў Вялейцы адбыўся імправізаваны канцэрт
Незадоўга да пачатку Народнага схода ў Вялейцы з месца яго правядзення – цэнтральнай танцпляцоўкі – раптам пачалі гучаць песні. Уваход на танцпляцоўку пільнавалі міліцыянты і мужчыны ў цывільным. Такім чынам людзі, якія, нягледзячы на праліўны дождж, пачалі збірацца менавіта на сход, вымушаныя былі сыйсці. Арганізатар сходу Ўладзімір Малярчук загадзя накіроўваў у Вялейскі райвыканкам ліст, у якім папярэджваў аб намерах правесці сход 8 кастрычніка на танцпляцоўцы ў парку, куды між іншым запрашаў і прадстаўнікоў райвыканкама. Напярэдадні мерапрыемства спадар Малярчук атрымаў з пракуратуры “Афіцыйнае папярэджанне аб недапушчэнні парушэнняў заканадаўства, аб масавых мерапрыемствах”. Тым не менш, ад арганізацыі сходу, які ніяк не супярэчыць заканадаўству, ён не адмовіўся. Пры гэтым аб правядзенні 8 кастрычніка ў Вялейцы нейкага канцэрта абвестак нідзе не было. І раптам у час, прызначаны для сходу, у парку з’явіліся БРСМаўцы і сталі раздаваць кветкі жанчынам і шарыкі дзецям. А на танцпляцоўцы невядомая спявачка распачала сольны канцэрт. Такім чынам некаторыя людзі, якія відавочна збіраліся на сход, сыходзілі ў поўным недаўменні. Найбольш актыўныя накіраваліся разам з арганізатарамі сходу на офіс дэмакратычных арганізацый.