Бабруйск: Усіх на футбол - прымусова
Моладзь з чатырох навучальных устаноў у раёне Даманскім у суботу будзе займацца спортам. Як аказалася, “Футбольны турнір вуліцы Гагарына” будзе зладжаны, каб прадухіліць удзел хлапцоў і дзяўчат у Народным сходзе.
Граць у футбол мусяць навучэнцы механіка-тэхналагічнага тэхнікума, будаўнічага коледжа, прафтэхвучылішча нафтахіміі і машынабудаўнічага коледжа.
- Нам сказалі адразу, ніякіх выходных, ніякіх справак ад лекараў, - распавёў навучэнец вучылішча нафтахіміі. – Нават іншагароднім нельга дахаты паехаць. Тыя, хто не будзе прымаць непасрэдны ўдзел у спаборніцтвах, усё адно павінныя прысутнічаць на турніры ў якасці “заўзятараў”. Відаць, у нашых навучальных установах вельмі баяцца, што мы можам прысутнічаць на нейкіх палітычных мерапрыемствах.
Студэнтаў БДЭУ таксама папярэдзілі, каб не хадзілі “на розныя там серады і сходы”. Некаторыя выкладчыкі заяўляюць, што будуць асабіста адсочваць “парушальнікаў дысцыпліны”.