У Магілёве міліцыянты дапыталі актывіста “Гавары праўду!”
Супрацоўнікі міліцыі дапыталі актывіста кампаніі “Гавары праўду!” Андрэя Двігуна. Нагодай для выкліка ў міліцыю стала затрыманне іншага актывіста кампаніі, Антона, падчас распаўсюду ўлётак “Зратуем Беларусь”. Маладзён паведаміў міліцыі, што ўлёткі атрымаў ад Андрэя Двігуна.
“Міліцыянты паводзіля сябе карэктна. На пытанне, чые ўлёткі, я адказаў, што мае. Дзе ўзяў – адмовіўся адказваць. Нечаканым для мяне стала пытанне пра маю палітычныю прыхільнасць, на што я адказаў, што гэта не мае да справы ніякага дачыння”, - расказвае Андрэй Двігун.
Ён адзначае, што ў канцы размовы адзін з міліцыянтаў сказаў, што гэтую справу яны перадаюць у КДБ.
Нагадаем, што актывіст кампаніі “Гавары праўду!” Антон быў затрыманы ў канцы верасня пільным ахоўнікам у цывільным падчас укідвання ўлётак у паштовыя скрынкі ў адным з дамоў Магілёва. Тады ахоўнік выклікаў міліцыю і перадаў хлопца міліцыянтам. Апошнія адвезлі яго ў Кастрычніцкі РАУС, дзе пратрымалі каля трох гадзін.