Барысаў: спартыўнае свята побач з Народным сходам
Народны сход у Барысаве запланаваны на 13.00 у суботу, 8 кастрычніка, на пляцоўцы за гарадскім стадыёнам - у месцы, афіцыйна дазволеным для правядзення масавых акцый. У гэты час на самім стадыёне будзе праводзіцца спартыўнае свята для школьнікаў.
У Барысаўскім райвыканкаме прайшоў сход для кіраўнікоў навучальных устаноў горада. Менавіта на ім было абвешчана пра тое, што для таго, каб не дапусціць удзелу падлеткаў у Народным сходзе, у суботу для вучняў 8-9 класаў на гарадскім стадыёне будзе арганізавана агульнагарадское спартыўнае свята. Вучняў 10-11 класаў вырашана ў гэты час прыцягнуць да грамадска-карыснай працы на тэрыторыях школ. Прапанавана прыцягнуць і да свята, і да работ бацькоў школьнікаў.
«Лепшай рэкламы для Народнага сходу прыдумаць было цяжка, - не без гумару кажуць яго арганізатары ў Барысаве. - Бо тыя бацькі, якія нічога не ведалі пра Народны сход, будуць мець магчымасць падчас спартыўнага свята далучыцца да ўдзельнікаў сходу ».