viasna on patreon

Таццяна Севярынец другі месяц чакае адказу ад старшыні Віцебскага абласнога суду

2011 2011-10-05T18:17:35+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/sieviaryniec_tacciana.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Таццяна Севярынец

Таццяна Севярынец

Адаслаўшы ліст 26 жніўня і марна прачакаўшы належныя па законе 30 дзён, актывістка  прыйшла па адказ сама. Але ў судовай канцылярыі афіцыйную паперу атрымаць не ўдалося.

“Мне ў вельмі расплывістых выразах паведамілі, што мой ліст доўга да іх ішоў, і што  адказ мне мусяць даць праз 30 дзён з даты атрымання майго допісу. Дык прайшло ўжо 40 дзён, ліст з Віцебску ў Віцебск ідзе ніяк не больш за двое сутак, а адказу мне ўсё няма. Дакладней, сказалі, што  ён нібыта ёсць, але на рукі не далі. Паабяцалі адправіць па пошце. Можа, ён яшчэ і не напісаны”, - разважае Таццяна Севярынец.

У скарзе да старшыні абласнога суду  яна  выклаладае  сваю нязгоду з прысудам, вынесеным у Кастрычніцкім райсудзе, які абвінаваціў спадарыню Севярынец у арганізацыі несанкцыянаванай акцыі. Абскардзіць вынесены суддзёй  Яўгенам Буруновым штраф  (20 базавых велічынь - 700 тысяч рублёў) у абласным  судзе не ўдалося,  і Тацяна Севярынец мусіла звярнуцца да старшыні ўстановы.

“Калі мне дадуць адмоўны адказ, я на гэтым не спынюся. Бо справа для мяне прынцыповая: мяне не толькі аштрафавалі, але і затрымалі самым падступным чынам! 2 ліпеня да мяне прыязжалі супрацоўнікі міліцыі, якія заявілі, што са мной хоча правесці гутарку кіраўнік міліцыі грамадскай бяспекі Кастрычніцкага РАУС Аляксандр Каліноўскі. Але я ў той дзень ад’язжала  ў Мінск і паабяцала прыйсці, як толькі вярнуся. Ужо 8 ліпеня я была дома і сустрэла спадара Каліноўскага ў Кастрычніцкім райсудзе – тады судзілі ўдзельнікаў акцыі маўклівага пратэсту, сярод якіх былі мае аднадумцы. Спадар Каліноўскі сказаў, што ў яго няма часу са мной размаўляць, бо на адкрыццё “Славянскага базару” прыязжае Аляксандар Лукашэнка. Тым не менш, увечары да мяне зноў прыехалі міліцыянты, не слухаўшы маіх тлумачэнняў, завезлі ў пастарунак, дзе затрымалі на суткі”, - распавяла спадарыня Таццяна.

Праз суткі, калі Аляксандар Лукашэнка ўжо з’ехаў з Віцебску, актывістку стваранай партыі БХД прывезлі на суд, хаця гэта быў выходны дзень. І адпусцілі, бо яна запатрабавала магчымасці запрасіць адваката.

Праз некалькі дзён суд адбыўся: Таццяну Севярынец  аштрафавалі  за арганізацыю несанкцыянаванага шэсця – за тое, што пасля адной з акцый маўклівага пратэсту некаторыя ўдзельнікі пайшлі за ёй да крыжа на Успенскай горцы, каб памаліцца за вызваленне  палітвязняў.

Актывістка падала скаргу ў пракуратуру на дзеянні міліцыянтаў, якія затрымалі яе падманам. Аднак атрымала адказ, што ўсе было зроблена слушна. Адказ  ад старшыні абласнога суду на спробу абскардзіць штраф  затрымліваецца пакуль на няпэўны тэрмін.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства