Гомельскі грамадскі актывіст Ігар Случак абскарджвае пастанову суда
Гомельскі грамадскі актывіст Ігар Случак абскарджвае пастанову суда аб прыцягненні яго да адміністратыўнай адказнасці за брудную лаянку ў грамадскім месцы. Адпаведную скаргу ён накіраваў 5 кастрычніка старшыні Гомельскага абласнога суда Людміле Міхальковай.
31 жніўня суд Савецкага раёна Гомеля прызнаў Ігара Случака вінаватым ў дробным хуліганстве (бруднай лаянцы ў грамадскім месцы, артыкул 17.1 КаАП) і пакараў арыштам тэрмінам на 3 сутак. Актывіст не прызнаў сваю віну, і лічыць, што яна не была даказана ў судзе, таму накіраваў скаргу ў вышэйстаячую інстанцыю. Абласны суд разгледзеў скаргу Ігара Случака 28 верасня і пакінуў пастанову раённага суда без зменаў.
Адміністрацыйная справа ў адносінах актывіста складалася з паказанняў сведкі Сяргея Замая, які сцвярджаў, што Случак штурхануў яго на вуліцы і брудна аблаяў. Прычым доказамі ў судзе былі толькі паказанні дадзенага сведкі.
У скарзе старшыні суда актывіст піша, што сведка блытаецца ў сваіх паказаннях, прынамсі, указвае розныя месцы здзяйснення правапарушэння Случаком. Актывіст звяртае ўвагу, што, тым не менш, раённы суд у пастанове называе паказанні сведкі лагічнымі і паслядоўнымі. Таксама ў скарзе Случак піша, што сведка даў розныя паказанні наконт таго, як менавіта актывіст здзейсніў правапарушэнне. Актывіст даводзіць, што міліцыянеры, якія яго затрымлівалі, таксама блыталіся ў паказаннях і нават не маглі дакладна распавесці, чаму яны апынуліся ў дадзеным месцы ў дадзены час. Спачатку міліцыянеры казалі, што яны неслі службу па ахове грамадскага парадку па Рэчыцкай шашы, потым сцвярджалі, што апынуліся на месцы здзяйснення правапарушэння выпадкова.
Случак нагадвае ў скарзе, што суд не ўлічыў фактаў, якія характарызуюць асобу сведкі Сяргея Замая, у прыватнасці, той факт, што малады чалавек стаяў на ўліку ў інспекцыі па справах непаўналетніх, не менш за сем разоў прыцягваўся да адміністратыўнай адказнасці, і ўжывае алкагольныя напоі ў «дастатковай колькасці», пра што сведка сам заявіў на судзе.
Абласны суд у пастанове адзначае, што міліцыянеры, якія затрымалі актывіста, пацвярджаюць паказанні сведкі. «На самой справе міліцыянеры пацвярджаюць факт звароту да іх грамадзяніна Замая, а не факт здзяйснення мной адміністрацыйнага правапарушэння», - піша ў скарзе Случак.
Ён прыходзіць да высновы, што матэрыялы адміністрацыйнай справы былі даследаваны судом перадузята, а ўсё абвінавачанне трымаецца толькі на паказаннях сведкі. «Суд, не маючы іншых доказаў, акрамя паказанняў аднаго сведкі, выносіць абвінаваўчую пастанову, не ўлічваючы іншых фактаў. У дадзенай сітуацыі гэта прыводзіць да прававога нігілізму, падзенню аўтарытэту суда і праваахоўчай сістэмы, а ў цэлым і ўсяго аўтарытэта дзяржаўнай улады Рэспублікі Беларусь як прававой дзяржавы», - лічыць Случак. Ён просіць старшыню суда справядліва разгледзець адміністратыўную справу і вынесці законнае рашэнне.