Пракуратура лічыць законным збіццё вязняў у івацэвіцкай калоніі
Пракуратура Брэсцкай вобласці не знайшла падстаў для ўзбуджэння крымінальнай справы ў дачыненні да службовых асоб, вінаватых у збіцці зняволеных івацэвіцкай калоніі № 5.
Такі адказ атрыманы з пракуратуры інфармацыйна-асветніцкага установай “Платформа”, якую ўзначальвае Андрэй Бандарэнка. Раней у гэтую арганізацыю звярнулася маці асуджанага Раміза Мамедава, які знаходзіцца ў названай калоніі. Да жанчыны дайшлі звесткі, што ў ліпені бягучага года яе сына і яшчэ пяць зняволеных былі жорстка збітыя ў памяшканні камернага тыпу, пасля чаго двух зняволеных даставілі ў гарадскую лякарню.
28 жніўня “Платформа"звярнулася ў Генеральную пракуратуру Беларусі, Дэпартамент выканання пакаранняў і Упраўленне ўласнай бяспекі МУС з патрабаваннем правесці дэталёвую праверку ўказаных фактаў і прыцягнуць да адказнасці вінаватых. Пазней стала ваядома, што цяпер ужо былы генеральны пракурор Рыгор Васілевіч даручыў свайму намесніку Аляксею Стуку належным чынам пракантраляваць ход праверкі, якую праводзіць пракуратура Брэсцкай вобласці.
Дарэчы, хаця ў адказе з абласной пракуратуры гаворыцца, што падстаў для ўзбуджэння крымінальнай справы няма, у ім не абвяргаюцца звесткі пра збіццё асуджаных і нават названыя некаторыя прозвішчы (Мамедаў, Капліч і Ярахновіч). Між тым, праверка ўстанавіла, што “прымяненне фізічнай сілы і спецсродкаў супрацоўнікамі калоніі прызнана законным і абгрунтаваным”.
Інфармацыйна-асветніцкая установа “Платформа” рыхтуе па гэтых фактах новыя скаргі ў Генеральную пракуратуру.