viasna on patreon

Алег Мяцеліца: “Я хутка вярнуся на радзіму”

2011 2011-10-05T12:20:18+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/miacielica.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Алег Мяцеліца

Алег Мяцеліца

Грамадскі актывіст з Бялыніч Алег Мяцеліца, які пасля падзеяў на Плошчы ў 2010 годзе з’ехаў у Вільню, у хуткім часе збіраецца вярнуцца на радзіму.

Падчас мінулагодняй выбарчай кампаніі Алег Мяцеліца актыўна працаваў у камандзе кандыдата на пасаду прэзідэнта Уладзіміра Някляева, з’яўляўся яго даверанай асобай. Пасля разгону Плошчы 19 снежня 2010 года Алег разам з некалькімі актывістамі перадвыбарчага штаба Някляева з’ехаў спачатку ў Расію, а потым перабраўся ў Літву.

- Пагроза арышту была вельмі рэальнай, мяне неаднаразова затрымлівалі і арыштоўвалі падчас папярэдніх выбарчых кампаній, таму я вымушаны быў з’ехаць за мяжу, - кажа Алег.

У Вільні Алег Мяцеліца разам з іншымі палітуцекачамі актыўна працаваў над стварэннем грамадзянска-палітычнага прадстаўніцтва Беларусі ў Літве, ладзіў у замежжы разнастайныя акцыі ў падтрымку беларускіх палітвязняў. Зараз Алег з’яўляецца кіраўніком гэтага прадстаўніцтва.

-Дзякуючы падтрымцы замежных сяброў грамадзянска-палітычнае прадстаўніцтва Беларусі ў Літве ўжо працуе, у нас з’явіўся свой офіс, - распавядае актывіст. – Кожны з беларусаў, якія прыехалі ў Вільню, мае магчымасць да нас звярнуцца. У межах сваіх магчымасцяў мы паспрабуем дапамагчы. Таксама ўжо ў бліжэйшы час збіраемся ладзіць шэраг акцый і мерапрыемстваў, якія скіраваныя на інфармаванне пра падзеі ў Беларусі. Будзем супрацоўнічаць з іншымі беларускімі арганізацыямі, якія знаходзяцца за мяжой. Вось літаральна днямі я падпісаў дамову пра каардынацыю дзеянняў і правядзенне сумесных мерапрыемстваў з старшынёй Беларускага цэнтру ва  Украіне Вячаславам Сіўчыкам.

Нягледзячы на вялікі аб’ём працы на пасадзе кіраўніка прадстаўнідства, заставацца на пастаяннае жыхарства ў Літве Алег Мяцеліца не збіраецца:

- Ужо хутка я вярнуся на радзіму, у Бялынічы: там у мяне сям’я, мае бацькі, маленькі бізнес... Я збіраўся вярнуцца ў Беларусь яшчэ ў жніўні, але ўлады зноў пачалі незразумелыя гульні: арыштавалі Алеся Бяляцкага, пачалі “прэсаваць” іншых праваабаронцаў. Сябры параілі мне ў той час не вяртацца. Зараз з’явілася надзея, што ўсе палітвязні будуць нарэшце вызваленыя.

Падчас знаходжання Алега Мяцеліцы за мяжой супрацоўнікі КДБ праводзілі ў Бялынічах вобшукі ў кватэры Алега, дзе зараз пражывае іншы чалавек, і ў кватэры яго брата Мікалая Мяцеліцы. У Мікалая Мяцеліцы пасля вобшуку быў канфіскаваны камп’ютар і носьбіты інфармацыі, якія яму былі вернуты толькі праз некалькі месяцаў.Таксама супрацоўнікі міліцыі некалькі разоў спрабавалі патрапіць у прыватны дом Алега Мяцеліцы.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства