viasna on patreon

Споўнілася два месяцы з моманту затрымання Алеся Бяляцкага

2011 2011-10-04T17:55:02+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/valadarka02.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
CІЗА №1 на Валадарскага

CІЗА №1 на Валадарскага

Сёння, 4 кастрычніка, споўнілася два месяцы з моманту затрымання вядомага беларускага праваабаронцы, віцэ-прэзідэнта Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека Алеся Бяляцкага.

Як паведаміў БелаПАН праваабаронца Валянцін Стэфановіч, паводле яго звестак, Бяляцкі ў следчым ізалятары "адчувае сябе нармальна". "Лісты ад яго прыходзяць са спазненнем. Аднак на мінулым тыдні ён знаёміўся з матэрыяламі справы, і адвакат нам нічога не казаў пра тое, што ён зведвае нейкія праблемы са здароўем або з нечым яшчэ", — зазначыў Стэфановіч.

Паводле слоў праваабаронцы, справа Бяляцкага перададзена ў пракуратуру, а затым будзе перадача справы ў суд. "Тут з'яўляюцца некаторыя моманты. Якія, магчыма, паўплываюць на змену меры стрымання Бяляцкаму. Рэч у тым, што пасля перадачы справы ў суд пытанне аб змене меры стрымання будзе вырашаць ужо суд, а не следчыя. Улічваючы, што Бяляцкі пасля завяршэння расследавання ўжо ніяк не можа паўплываць на ход следства, а таксама тое, што хадайніцтва за вызваленне Бяляцкага пад асабістае паручыцельства падпісалі каля тысячы чалавек, прычым не толькі грамадзян Беларусі, суд можа вызваліць Бяляцкага пад падпіску аб нявыездзе. Я на гэта спадзяюся", — сказаў Стэфановіч.

Праваабаронца таксама зазначыў, што следства за два месяцы не дазволіла Бяляцкаму ніводнай сустрэчы з жонкай. "Пасля перадачы справы ў суд пытаннямі кароткатэрміновых і доўгатэрміновых сустрэч таксама будзе займацца суддзя. Можа, суддзя і дазволіць сустрэчы", — выказаў меркаванне Стэфановіч.

Ён падкрэсліў, што міжнародныя праваабарончыя арганізацыі і калегі Бяляцкага лічаць яго крымінальны пераслед выключна помстай за яго праваабарончую дзейнасць. "Усе грошы, якія ён атрымаў ад розных фондаў (фонды Бяляцкі, дарэчы, сам шукаў, ніхто проста так нічога яму не прапаноўваў), былі адпраўлены на дапамогу ахвярам палітычных рэпрэсій. Фонды атрымалі адпаведныя справаздачы аб затрачаных сродках, прэтэнзій ні ў каго няма. Таму мы настойваем, што Бяляцкі не вінаваты і патрабуем яго неадкладнага вызвалення", — заявіў Стэфановіч.

Алесь Бяляцкі знаходзіцца пад арыштам з 4 жніўня. Яму выстаўлена абвінавачанне на падставе часткі 2 артыкула 243 Крымінальнага кодэкса (утойванне даходаў у асабліва буйным памеры). Падставай для крымінальнага пераследу праваабаронцы стала інфармацыя аб яго рахунках у замежных банках, перададзеная беларускім уладам Мінюстам Літвы і Генпракуратурай Польшчы.

Улады гэтых краін публічна папрасілі прабачэння ў Бяляцкага і яго сваякоў, а таксама прыпынілі кантакты з Беларуссю ў межах дагавораў аб прававой дапамозе.

Вызвалення Бяляцкага патрабуюць міжнародныя праваабарончыя структуры, кіраўніцтва Еўрасаюза, ЗША і шэрагу іншых дэмакратычных краін.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства