Гарадзенская міліцыя папярэджвае ініцыятараў Народнага сходу
Намеснік старшыні Гарадзенскай абласной арганізацыі Партыі “Справядлівы свет” Павел Станеўскі сёння, 4 кастрычніка, быў выкліканы ў аддзяленне міліцыі.
Намеснік начальніка АМ №1 “Цэнтр” маёр міліцыі Валерый Салаўёў паведаміў яму, што міліцыя выявіла на Бульвары ленінскага камсамолу ўлёткі з запрашэннем жыхароў гораду на Народны сход, на інфармацыйных улётках быў паданы тэлефон Паўла Станеўскага. Станеўскі патлумачыў, што гэта ўлёткі Партыі “Справядлівы свет” і ён мае права іх распаўсюджваць у адпаведнасці з артыкулам 37-ым Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і Законам краіны Аб рэспубліканскіх і мясцовых сходах ад 12 ліпеня 2000 году.
Урэшце маёр Салаўёў папярэдзіў партыйнага актывіста пра адміністратыўную адказнасць за магчымыя несанкцыянаваныя акцыі. Мясцовыя праваабаронцы расцэньваюць такі выклік як яшчэ адзін факт псіхалагічнага ціску на дэмакратычных актывістаў і імкненне перашкодзіць правядзенню ў Гародні Народнага сходу.