Чыноўнікаў Брэсцкага гарвыканкаму запрасілі на мясцовы сход
Сябры арганізацыйнага камітэту па правядзенні ў Брэсце “Народнага сходу” 4 кастрычніка перадалі ў гарвыканкам запрашэнне для прадстаўнікоў уладаў на ўдзел у гэтым мерапрыемстве.
Як паведаміла адна з ініцыятараў правядзення мясцовага сходу Зінаіда Міхнюк, у запрашэнні гаворыцца, што ў адпаведнасці з Законам РБ “Аб рэспубліканскіх і мясцовых сходах” такі сход арганізаваны паводле ініцыятывы больш чым 10% жыхароў чатырох шматпавярховых будынкаў па вуліцы Маскоўскай, побач з якімі знаходзіцца парк воінаў-інтэрнацыяналістаў (там і плануецца сабрацца а 13-ай гадзіне 8 кастрычніка). Акрамя таго, у вызначанае месца для абмеркавання набалелых пытанняў збіраюцца прыйсці жыхары іншых дамоў, якія таксама збіралі подпісы для правядзення мясцовага сходу.
Ініцыятары сходу нагадваюць гарадскім уладам, што, у адпаведнасці з артыкулам 3 Закона “Аб масавых мерапрыемствах”, парадак і правядзенне масавых мерапрыемстваў не распаўсюджваецца на сходы, якія праводзяцца ў адпаведнасці з заканадаўствам аб рэспубліканскіх і мясцовых сходах.
Гэтая заўвага, лічыць Зінаіда Міхнюк, павінна прадухіліць неабгрунтаваны ціск на тых, хто плануе браць удзел у мясцовым сходе і распаўсюджвае інфарамацыю пра яго. Так, увечары 3 кастрычніка быў затрыманы намеснік старшыні Брэсцкай гарадской арганізацыі партыі левых “Справядлівы свет” Лявонцій Чыпурных, які збіраў подпісы і распаўсюджваў запрашэнні на мясцовы сход. Супрацоўнікі міліцыі абвінавацілі яго ў раздачы ўлётак, якія заклікаюць браць удзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве.