З-за адсутнасці ізалятараў у райцэнтрах правапарушальнікі ледзь не па году сядзяць у гомельскім ІЧУ
З гомельскага ізалятара часовага ўтрымання 30 верасня і 2 кастрычніка вызваліліся Дзмітрый Шаўчэнка і Андрэй Цянюта. Яны адбывалі пакаранне - 15 і 10 сутак арышту - па артыкуле 23.34 КаАП (парушэнне парадку правядзення масавага мерапрыемства). Дзмітрыя Шаўчэнку пакаралі за распаўсюд улётак да чарговай “маўклівай серады”, а Андрэя Цянюту - за распаўсюд інфармацыйных матэрыялаў, прымеркаваных да Народнага сходу. Прычым аргументы Андрэя Цянюты, што такая форма мерапрыемства, як Народны сход, не прадугледжвае атрымання дазволу ўлады, суддзя не прыняў да ўвагі.
Між тым, актывісты, якія адбылі пакаранне, распавялі пра цікавую акалічнасць. Напрыклад, што некаторыя правапарушальнікі, якія разам з імі сядзелі ў ізалятары, адбываюць пакаранне па 80, і нават больш па 200 сутак! Аказалася, што ў маленькіх па колькасці насельніцтва раённых цэнтрах Гомельскай вобласці няма ІЧУ. Таму ў такіх гарадскіх пасёлках дзейнічае іншы прынцып адбыцця пакарання, так званых «сутак». Напрыклад, жыхар Кармы ці вёсак раёна здзейсніў нейкае правапарушэнне - сямейны скандал, бойку, дробны крадзеж. Суд выносіць рашэнне пакараць яго арыштам на 15 сутак. Але пасля вынясення рашэння чалавека не змяшчаюць у ІЧУ (бо яго няма ў Карме, а ў Гомель везці аднаго правапарушальніка дорага для мясцовай міліцыі), а адпускаюць дахаты. Праз нейкі час грамадзянін можа зноў трапіць у поле зроку міліцыі за чарговае правапарушэнне, і зноў па суду ён атрымлівае арышт, але ідзе дахаты, а не ў ізалятар. Потым, раз на адзін месяц, мясцовая міліцыя аб'яўляе рэйд: замаўляе аўтобус, едзе па раёну і збірае ўсіх правапарушальнікаў, як правіла,гэта 20-30 чалавек. Часам знаходзяць не ўсіх, іншыя хаваюцца, пакуль зноў не трапяць у міліцыю за бойку ці брудную лаянку. За той часу, пакуль у міліцыі няма транспарту, ці правапарушальніка не злавілі, у апошняга збіраецца «сутак» сумарна ўжо на доўгі тэрмін утрымання, нават да 200. Тады, калі чалавека ўрэшце рэшт зловяць, яго завозяць у гомельскі ІЧУ, дзе ён і адбывае тыя сумарныя «суткі».
Гомельскія апазіцыянеры распавядаюць, што зараз на «сутках» у ІЧУ сядзяць правапарушальнікі з Кармы, якія маюць сумарныя тэрміны ад 80 да 200 сутак. У міліцыі кажуць, што ў райцэнтрах няма грошай, каб пабудаваць і ўтрымліваць ІЧУ, таксама як няма сродкаў на тое, каб кожнага правапарушальніка індывідуальна адвозіць адразу пасля суда ў ізалятар.