Андрусь Цянюта абскардзіў арышт
За распаўсюд сярод жыхароў Гомеля ўлётак з запрашэннем прыйсці на мясцовы сход (Народны Сход), які адбудзецца ў абласным цэнтры 8 кастрычніка, прадстаўніка аргкамітэта Андрэя Цянюту пасадзілі на 10 сутак. Сёння прававы інспектар прафсаюза РЭП па Гомельскай вобласці Леанід Судаленка дапамог актывісту скласці скаргу ў абласны суд на пастанову раённага суда аб прыцягненні да адміністрацыйнага арышту, паведамяле Гомельская вясна.
На думку Леаніда Судаленкі, супрацоўнікі міліцыі, якія затрымалі актывіста, а пасля суд, якi вынес абвінаваўчую пастанову, парушылі прынцып законнасці пры ажыццяўленні адміністрацыйнага працэсу. Гэта парушэнне павінна стаць падставай для прызнання пастановы суду не маючай юрыдычнай сілы.
- Артыкул 3 Закона "Аб масавых мерапрыемствах” устанаўлівае, што парадак арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў не распаўсюджваецца на сходы, якія праводзяцца ў адпаведнасці з законам аб рэспубліканскіх і мясцовых сходах, - каментуе сітуацыю прафсаюзны юрыст.
- Адпаведна, суд не мае законнага права кваліфікаваць дзеянні актывістаў палажэннямі закона “Аб масавых мерапрыемствах”. Паколькі іх дзеянні па распаўсюджванню ўлётак з заклікамі да ўдзелу ў мясцовым сходзе рэгулююцца спецыяльным Законам "Аб рэспубліканскіх і мясцовых сходах”.
Спецыяльны закон устанаўлівае, што мясцовыя сходы могуць склiкацца па ініцыятыве не менш як 10 працэнтаў грамадзян, якія пастаянна пражываюць на адпаведнай тэрыторыі. Для падрыхтоўкі правядзення мясцовага сходу грамадзянамі можа стварацца ініцыятыўная група або ўтварацца арганізацыйны камітэт.
Дзейнічаючы ад імя арганізацыйнага камітэта, створанага ў Гомелі для правядзення кастрычніка 8 мясцовага сходу грамадзян, актывісты ў строгай адпаведнасці з нормамі закона “Аб рэспубліканскіх і мясцовых сходах” распаўсюджвалі запрашэння грамадзянам прыняць удзел у мясцовым сходзе.
Адпаведна, супрацоўнікі міліцыі, што распачалі ў дачыненні да актывіста адміністрацыйны працэс, а пасля і суд абавязаны былі кваліфікаваць яго дзеянні менавіта нормамі нацыянальнага закона “Аб рэспубліканскіх і мясцовых сходах”.