У Бабруйску за школу і бальніцу падпісвацца нельга
Зараз у Бабруйску ідзе збор подпісаў за будаўніцтва новай школы ў мікрараёне Заходнім, рэканструкцыю дарогі на вуліцы Крылова і наконт праблем у паліклініцы ў раёне Фарштат. Займаюцца гэтым актывісты кампаніі “Гавары праўду”.
- Нам ужо распавялі на працы пра гэтых зборшчыкаў подпісаў, - паведаміў бабруйскім праваабаронцам супрацоўнік ААТ Белшына, які пажадаў застацца невядомым. – Сказалі, што ідэолагі на ўсіх прадпрыемствах мусяць папярэдзіць людзей, каб не падпісваліся. Быццам бы спісы будуць пільна правярацца і падпісантаў пакараюць.
Бабруйскі лідэр “Гавары праўду” Алена Мядзведзева ведае, што зверху паступіла такая разнарадка.
- Так, мне распавядалі самі людзі, што ім забаранілі падпісвацца. Акрамя таго, мне тэлефанавалі з мясцовага тэлебачання, каб я дала каментар наконт збору подпісаў, але я адмовілася, бо ведаю, як яны потым мае словы перакруцяць. У выніку я не памылілася, сюжэт паказалі, і нас там выставілі не ў самым лепшым выглядзе, - уздыхае Алена Мядзведзева. – Тым не менш, на збор гэта мала паўплывала, людзі ведаюць свае мясцовыя праблемы і ахвотна пакідаюць подпісы. Напрыклад, па бальніцы мы ўжо ўсю неабходную колькасць сабралі.