КДБ цікавяць сувязі слонімскіх дэмакратаў за мяжой
Доктара Слонімскай раённай бальніцы, актывіста партыі БНФ Івана Шэгу двойчы дапыталі ў Слонімскім міжраённым аддзяленні ўпраўлення КДБ па Гродзенскай вобласці.
Першы раз, 19 верасня, у паліклініку, дзе Іван Шэга вядзе прыём хворых, прыехаў супрацоўнік КДБ і пасля працы даставіў яго ў аддзяленне. Другі раз, 26 верасня, па доктара прыехалі ў паліклініку два супрацоўнікі КДБ, адзін з іх быў з Гродна. Але Іван Шэга адмовіўся з імі ехаць. Ён паехаў у суправаджэнні кэдэбістаў на сваім аўтамабілі, папярэдзіўшы пры гэтым жонку.
У КДБ супрацоўнікі задалі Івану Шэгу вязанку розных пытанняў. Найперш іх цікавілі, як сказаў спадар Шэга, адказы на пытанні пра фінансавыя еўрапейскія фонды і як з імі звязаны слонімскія дэмакраты. Пыталіся ў Івана Шэгі і пра сувязь з беларускай эміграцыяй, з беларускімі палітыкамі, які жывуць за межамі Беларусі. Былі ў супрацоўнікаў КДБ таксама пытанні пра колькасць слонімскіх актывістаў, якія належаць да дэмакратычных партый і суполак.
Пасля гадзіннай гутаркі Івана Шэгу адпусцілі.