Актывістаў кампаніі «Наш дом» разагналі трактарам
1 кастрычніка ў Слуцку супрацоўнікі праваахоўных органаў
перашкодзілі правядзеньню суботніка грамадзянскай кампаніі «Наш дом». У выніку
пацярпелі людзі.
Паўтара дзясятка актывістаў «Нашага дому» сабраліся на суботнік, каб упарадкаваць
слуцкія могілкі. Яны загадзя папярэдзілі мясцовае кіраўніцтва і запрасілі
25 дэпутатаў Слуцкага гарадзкога савету прыняць у ім удзел. Для кожнага
дэпутата была падрыхтаваная «іменная» рыдлёўка. ЖКГ Слуцку паабяцала спрыяць правядзеньню
акцыі, забясьпечыўшы ўдзельнікаў неабходным інвэнтаром.
Аднак дэпутаты на суботнік не зьявіліся. Замест іх на могілкі
прыбылі два міліцыянты і супрацоўнікі ў цывільнім, якія сталі зрываць
з рыдлёвак таблічкі з імёнамі дэпутатаў. Пасьля чаго на ўторкнутыя
ў зямлю рыдлёўкі паехаў трактар. Рыдлёўкі паадскоквалі, й ад удараў
пацярпелі людзі, што стаялі побач. Па словах відавочцаў, карэспандэнтку тэлеканалу
Белсат ледзьве не зацягнула пад колы, і пасьля здарэньня яе адвезьлі
ў лякарню. Праваабаронца Мікалай Петрушэнка паведаміў, што па выніках
мэдычнага агляду дзяўчына прызнаная пацярпелай і мае нязначныя пашкоджаньні
галавы і нагі.
Міліцыянты таксама спрабавалі затрымаць праваабаронцаў Крысьціну Шацікаву і Валера
Шчукіна, якія ўдзельнічалі ў акцыі.
Лідэр кампаніі «Наш Дом» Вольга Карач у інфармацыйным лісьце заяўляе наступнае:
«Людзі прыйшлі прыбраць могілкі і спадзяваліся, што „народныя абраньнікі“ падтрымаюць
іхную ініцыятыву. Усе дэпутаты папярэдне атрымалі лісты з запрашэньнямі.
А замест гэтага — трактары і міліцыя. Пацярпелі людзі.»