viasna on patreon

Казахскі праваабаронца Яўген Жоўціс падтрымаў Алеся Бяляцкага лістом

2011 2011-09-29T11:28:33+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/zhovtis.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Яўген Жоўціс

Яўген Жоўціс

Вядомы праваабаронца з Казахстана Яўген Жоўціс, які адбывае пакаранне ў выглядзе 4 гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі  ў горадзе Усць-Каменагорску, даслаў ліст у падтрымку арыштаванага старшыні Праваабарончага цэнтру “Вясна” Алеся Бяляцкага.

Вось поўны тэкст ліста Яўгена Жоўціса:

У падтрымку Алеся Бяляцкага

Усяго некалькі месяцаў таму Алесь атрымаў дазвол на спатканне і прыехаў да мяне ў калонію ў горад Усць-Каменагорск, ва Усходнім Казахстане, у 1000 км ад былой і цяперашняй сталіц Казахстана Алматы і Астаны.

Мы прагаварылі амаль тры гадзіны пра многае. Аб праваабарончым руху ў краінах СНД і ў свеце. Аб палітычных зняволеных у Беларусі і Казахстане. Пра тое, як з-за геапалітычных, эканамічных інтарэсаў і меркаванняў бяспекі міжнародныя арганізацыі і заходнія ўрады дапамагаюць ўмацаванню аўтарытарызму на постсавецкай прасторы. Аб няўдачах дэмакратычна настроеных грамадзянаў і грамадскіх арганізацый, і досыць песімістычных прагнозах на бліжэйшую будучыню.

Я распавёў пра свой, амаль двухгадовы, досьвед жыцця «за кратамі».

Тады я нават не мог сабе ўявіць, што ўжо ў жніўні Алесь на сабе выпрабуе працэдуру арышту і апынецца пад пагрозай зняволення на некалькі гадоў.

На жаль, жыццё праваабаронцаў у большасці краін былога Савецкага Саюза прывучыла карыстацца простай формулай: спадзявайся на лепшае, рыхтуйся да горшага.

Будзем спадзявацца, што здаровы сэнс і ўплыў міжнароднай грамадскасці возьмуць верх, і Алеся не напаткае лёс многіх палітычных і грамадзянскіх актывістаў, праваабаронцаў, журналістаў, якія апынуліся «за кратамі» на падставе сфабрыкаваных або палітычна матываваных прысудаў.

Лёс праваабаронцаў у постсавецкіх краінах наогул досыць трагічны. Афіцыйная прапаганда і практычна цалкам падкантрольныя СМІ малююць іх «пятай калонай» Захаду, «ворагамі народа», «агентамі ўплыву» заходняга капіталу.

Працягвае выкарыстоўвацца ўвесь стары, яшчэ кагэбэшны арсенал ідэалагічных штампаў, заснаваных на канспіралагічным ідыятызме.

Ціснуць на іх сваякоў, сяброў і знаёмых, перакрываюць крыніцы існавання, запалохваюць, зьбіваюць, саджаюць, нават забіваюць.

Але жыццё ўсё роўна не стаіць на месцы.

Фундаментальныя каштоўнасці і ідэалы чалавецтва, такія як павага чалавечай годнасці, правоў і свабод чалавека, праўда і справядлівасць прабіваюць сабе дарогу ад Еўропы і Паўночнай Амерыкі да Блізкага Усходу і Паўночнай Афрыкі.

І сапраўдныя праваабаронцы прысоўваюць іх, часта з рызыкай, калі не для жыцця, то для свабоды.

І калі ўсё ж лёс прывядзе да таго, што праваабаронца апынецца «за кратамі», то трэба памятаць, што там таксама цячэ жыццё, сваё жыццё.

Што там – розныя людзі, а не толькі закаранелыя злачынцы і адмарожаныя нягоднікі. Такіх там, дарэчы, значна менш. Ва ўсякім разе, у нашых краінах.

Там свая праўда і свая справядлівасць.

І там таксама трэба пражыць годна і, па магчымасці, не загубіць сваё фізічнае і псіхічнае здароўе.

І ў гэтым самае важнае - падтрымка. Не толькі сям'і і блізкіх. Але і ўсіх прыстойных людзей, здольных адрозніваць праўду ад хлусні, чорнае ад белага.

Адсюль, з калоніі, я магу толькі выказаць Алесю і яго сям'і сваю ўсялякую падтрымку, сказаць яму: «Усё, што ты рабіў, - правільна», і гэтая, не самая светлая, паласа ў тваім жыцці абавязкова скончыцца. Гэтак жа, як і цалкам безальтэрнатыўны і бясслаўны лёс чакае рэжымы, падобныя «лукашэнкаўскаму».

Так што трымайся! Мы з табой.

Яўген Жоўціс,
Папраўчая ўстанова ОВ 156/13, г. Усць-Каменагорск, ВКО, Казахстан.

Даведка:

Жоўціс Яўген Аляксандравіч

Нарадзіўся ў 1955 годзе

З ліпеня 1993 года ўзначальвае Казахстанскай міжнароднае бюро па правах чалавека

За сваю праваабарончую дзейнасць, а таксама за ўклад у прасоўванне дэмакратыі і грамадзянскай супольнасці ў Казахстане і свеце быў неаднаразова ўзнагароджаны міжнароднай супольнасцю:

- Лаўрэат прэміі Еўрапейскага Саюза і ЗША за ўклад у прасоўванне дэмакратыі і грамадзянскай супольнасці ў Казахстане (1998 г.);

- Лаўрэат прэміі Міжнароднай лігі па правах чалавека (1999 г.);

- Лаўрэат прэміі Міжнароднай Хельсінкскай Федэрацыі (2005 г.);

- Лаўрэат прэміі "Свабода" (2006 г.);

- Лаўрэат прэміі Фонду ім. Фрыдрыха Эберта ў галіне правоў чалавека (2007 г.).

У верасни 2009 года Яўген Жоўціс асуджаны да 4 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі-селішчы па арт. 296, частцы 2 КК РК. Ён прызнаны вінаватым у зыходзе ДТЗ, якое прывяло да смерці пешахода (Каната Молдабаева), хаця незалежныя экспертызы паказалі, што аб'ектыўнай віны Жоўціса ў інцыдэнце няма.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства