viasna on patreon

У справе фронтаўскіх актывістаў – раптоўная змена следчага

2011 2011-09-15T18:06:23+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/siemianiuksiarzhuk.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
сакратар Управы Партыі БНФ Сяржук Семянюк

сакратар Управы Партыі БНФ Сяржук Семянюк

Актывісты партыі БНФ Сяржук Семянюк, Алесь Каліта і Максім Губарэвіч, на якіх заведзена крымінальная справа за “хуліганства, здзейсненае групай асобаў”, пра змену следчага даведаліся тады, калі Інга Вадзімаўна Патапенка затэлефанавала ім, каб паведаміць пра вочную стаўку са сведкам. Паводле закона, маладых людзей павінны былі азнаёміць з пастановай аб прызначэнні новага следчага па справе.

- Пра змену следчага нам паведамілі 13 верасня адначасна з выклікам на вочную стаўку. Загадзя мы нічога не ведалі, таму для нас гэта было поўнай нечаканасцю, - кажа Сяржук Семянюк.

Алесь Каліта дадае, што ніякіх тлумачэнняў на гэты конт яны не атрымалі:

- Але паводле новай следчай – Патапенка – яна зараз з’яўляецца адзіным следчым у нашай крымінальнай справе. З яе словаў прагучала, што следчая  група (у яе ўваходзілі два чалавекі) расфармаваная і яна прыняла справу для вядзення, але на дадзены момант матэрыяламі крымінальнай справы яна не валодае, паколькі яна іх перадала вышэйшаму кіраўніцтву. Гэта тое, што яна заявіла ўжо на вочнай стаўцы.

Па словах актывістаў, што б магла азначаць гэтая замена, зараз меркаваць складана.

- Ад самага пачатку бачна,  што справа фабрыкуецца, пастаянна нейкія часткі справы змяняюцца, і зразумела, што ёсць нейкая схема ў праваахоўных органаў, як гэтую справу рухаць да суду. Змена следчага – гэта толькі ўсяго адзін з іх крокаў, для таго, каб у нейкім больш выгодным для іх святле гэтую справу перадаць у суд, - мяркуе Сяржук Семянюк.

Наконт самой вочнай стаўкі, якая ў Семенюка і Каліты праходзіла 14 верасня з разбежкай у пару гадзінаў, актывісты адзначаюць, што, па-першае, яна праводзілася з парушэннем нормаў заканадаўства.

- Бо вочная стаўка праводзіцца ў выпадку супярэчнасцяў паміж паказаннямі бакоў. Па-першае, паколькі я і мае аднапартыйцы, аднадумцы раней адмаўляліся ад дачы паказанняў, то, натуральна, ніякіх супярэчнасцяў выявіцца не магло – не было паказанняў з нашага боку. Па-другое, следчая абапіралася на тлумачэнні, узятыя напярэдадні ўзбуджэння крымінальнай справы, а тлумачэнні не ёсць матэрыялам, на падставе якога можна меркаваць пра паказанні, - заўважае Алесь Каліта. - Прафесійная кампетэнтнасць новага следчага выклікае пэўныя пытанні, пра што ёй і было заяўлена напярэдадні правядзення дадзенага следчага дзеяння.

Па сутнасці следчага мерапрыемства “падазраваныя” адзначаюць, што вочная стаўка была “надзіва пустая”. У якасці сведкі была запрошана дзяўчына, якая выклікала міліцыю падчас інцыдэнту актывістаў з ахоўнікам офіснага цэнтру, у якім месціцца новая сядзіба БНФ. Маладыя людзі перакананыя, што сведка выклікалася для падмацавання боку абвінаваўцы, аднак атрымалася, што яна дала паказанні, наадварот, на іх карысць.

-Тая сведка, якую яны запрасілі, яна не дала проста ніякай інфармацыі, якая магла б быць карыснай для следства. Яна прызналася, што не бачыла самаго інцыдэнту, фактычна, яна не можа пазнаць ніводнага чалавека, датычнага да гэтай справы, як з боку пацярпелых, так і з боку абвінавачаных. На вочнай стаўцы яна не пазнала ні мяне, ні Каліту, а мы, па версіі следства, з’яўляемся асноўнымі ўдзельнікамі гэтых “хуліганскіх дзеянняў”. Яна не бачыла ў інцыдэнце, які адбыўся, каб там наносіліся нейкія ўдары, фактычна не бачыла ніякай бойкі, - распавядае Семянюк.

Разам з тым Сяржук адзначае, што следчая задавала дзяўчыне шмат наводзячых пытанняў:

- І ўсе пытанні такім чынам фармуляваліся, каб выцягнуць любыя паказанні супраць нас. Пры гэтым не задавалася ніводнага пытання пра тое, што ў гэты момант рабіў нібыта пацярпелы. То бок, спрабавалі выцягнуць такія паказанні, пры якіх гэты пацярпелы выглядаў бы мяккім і пухнатым і нічога не рабіў, а мы, “групай грамадзянаў”, яго планамерна збівалі цягам дзесяці-пятнаццаці хвілінаў. Але сведка гэтую інфармацыю не пацвердзіла.

Складана сказаць, наколькі такія сведчанні могуць быць каштоўнымі ў плане іх выкарыстання для ўціску на фронтаўскіх актывістаў. Фронтаўцы таксама адзначылі, што не так даўно ім стала вядома пра канкрэтныя факты ціску на пацярпелых.  

Нагадаем, што вочная стаўка з яшчэ адным фігурантам гэтай крымінальнай справы - гарадзенцам Максімам Губарэвічам - прызначана на панядзелак.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства