viasna on patreon

Трэцяя хваля памілавання: Каго вызваляюць? (абнаўляецца)

2011 2011-09-14T17:29:33+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/turma2.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Алена Ліхавід паехала ў Наваполацк, каб сустрэць свайго сына. Мікіта Ліхавід - памілаваны.

***

З Магілёўскіх калоніяў № 15 і № 19 вызваленыя Алег Федаркевіч, Зміцер Буланаў і Ілля Васілевіч. Яны зараз знаходзяцца на чыгуначным вакзале ў Магілёве.

***

Бацька Аляксандра Атрошчанкава забірае сына з вакзала ў Віцебску. Аляксандр адбываў пакаранне ў папраўчай калоніі "Віцьба-3".

***

Галіна Андрэеўна  Малчанава паведаміла “Вясне”, што яе сына, Аляксандра Малчанава, ужо выпускаюць з Магілёўскай калоніі № 15. Пра гэта яна даведалася, патэлефанаваўшы ў калонію. 

Маці Дзмітрыя Новіка Наталля таксама паведаміла, што яе сын разам з Аляксандрам Класкоўскім ужо едуць дадому са Шклоўскай калоніі. Жонка Аляксандра сказала таксама, што з імі і Уладзімір Лобан. Такім чынам, у Шклоўскай калоніі застаўся толькі экс-кандыдат Мікола Статкевіч.

***

Паводле апошняй інфармацыі БелаПАН, сярод памілаваных фігурантаў крымінальнай справы аб масавых беспарадках экс-кандыдатаў у прэзідэнты няма.

***

Дзядзька Фёдара Мірзаянава пацвердзіў інфармацыю пра вызваленне пляменніка. Пра гэта ён даведаўся па тэлефоне ад прадстаўніцы спецаддзела калоніі "Воўчыя норы". "Яна таксама сказала, што непасрэдна будзе яго вызваляць, таму хочацца верыць, - кажа Сяргей Аніська. - Таксама я папрасіў яе перадаць Фёдару, што на чыгуначным вакзале яго будуць сустракаць сваякі".

***

Праваабаронцы спрабуюць высветліць прозвішчы палітвязняў, якія бліжэйшым часам выйдуць на волю. На дадзены момант “Вясне” вядома, што сярод памілаваных - Павел Вінаградаў. Жонцы ў Івацэвіцкай калоніі паведамілі, што ён выйдзе на волю сёння а 19-ай гадзіне, нават пааабяцалі давезці да бліжэйшай чыгуначнай станцыі. Як паведамляюць нам родныя некаторых іншых вязняў, у калоніях ім адказваюць, што “пакуль паперы не прыйшлі”.

14 верасня прэс-служба прэзідэнта паведаміла, што ён падпісаў указ пра памілаванне 11 асобаў, асуджаных за Плошчу-2010.

Нагадаем, што ў выніку першых двух “прыступаў гуманнасці” Лукашэнкі на волю выйшлі 13 палітвязняў: 11 жніўня - Васіль Парфянкоў, Уладзімір Яроменак, Віталь Мацукевіч, Зміцер Дрозд, Сяргей Казакоў, Арцём Грыбкоў, Яўген Сакрэт, Алесь Квяткевіч, Уладзімір Хамічэнка і 1 верасня - Зміцер Даронін, Алесь Кіркевіч, Алег Гнедчык, Андрэй Пратасеня.

Такім чынам, за каратамі заставаліся 15 асуджаных за “масавыя беспарадкі” - Аляксандар Атрошчанкаў, Аляксандар Малчанаў, Дзмітрый Новік, Мікіта Ліхавід, Зміцер Бандарэнка, Фёдар Мірзаянаў, Ілля Васілевіч, Аляксандар Класкоўскі, Дзмітрый Буланаў, Павел Вінаградаў, Уладзімір Лобан, Алег Федаркевіч, экс-кандыдаты ў прэзідэнты Андрэй Саннікаў, Мікалай Статкевіч, Дзмітрый Ус, а таксама два актывісты, асуджаныя нібыта за хуліганства - Зміцер Дашкевіч і Эдуард Лобаў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства