Галіну Кавалевіч з Бярозы будуць судзіць
У судзе Бярозаўскага раёна 6 верасня ў 11 гадзін будзе разгледжана адміністрацыйная справа старшыні Бярозаўскай суполкі Кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ Галіны Кавалевіч. Яна абвінавачваецца ў непадпарадкаванні супрацоўнікам міліцыі падчас "маўклівай акцыі" 13 ліпеня.
Жанчына адмовілася ісці дадому за пашпартам пад канвоем, калі мела пры сабе пенсійнае пасведчанне. За гэта міліцыянты яе затрымалі і збілі падчас закідвання ў аўтазак.
Судова-медачная экспертыза выявіла на целе Галіны Кавалевіч шматлікія крывападцёкі: на левым плячы -4, на правым – 4, на правай ступні– 1, на грудной клетцы наперадзе – 2, на левай назе – 6, на правай галёнцы – 4, на правай ступні- 1, у вобласці таза – 3, якія утварыліся ад уздзеяння тупых цвёрдых прадметаў.
Але следчы Івацэвіцкай пракуратуры Міхаіл Селех не ўбачыў у гэтым перавышэння ўлады і службовых паўнамоцтваў міліцыянтамі.
На думку пацярпелай, гэта не яе павінны судзіць, а тых людзей, што лічаць сябе міліцыянтаамі, за здзекі над ёю, жанчынай ва ўзросце, якая сядзела на лавачцы ля плошчы і чытала газету няхай сабе і ў сераду.