viasna on patreon

Праваабаронцы просяць спэцдакладчыка ААН заступіцца за адвакатаў

2011 2011-08-01T12:33:02+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Пяць праваабарончых арганізацый Беларусі зьвярнуліся да  спэцдакладчыка ААН у пытаньнях незалежнасьці судзьдзяў і адвакатаў Габрыэлы Кнаўль у сувязі з пазбаўленьнем ліцэнзій адвакатаў, якія абаранялі фігурантаў справы  "19 сьнежня".

Зварот падпісалі Алена Танкачова (Фонд разьвіцьця прававых тэхналёгій), Вольга Смалянка (Цэнтар прававой трансфармацыі),  Раіса Міхайлоўская (Цэнтар па правах чалавека), Тацьцяна Равяка (Беларускі дом правоў чалавека), Алег Гулак (Беларускі Хэльсынскі камітэт) і юрыст, палітоляг, Юры Чавусаў.

У звароце праваабаронцы інфармуюць спэцдакладчыка аб пазбаўленьні адвакацкіх ліцэнзій Ганны Бахцінай, Дар'і Ліпкінай, Зарыны Агеевай, а таксама аб пачатку крымінальнай справы адносна Тацяны Агеевай.

Праваабаронцы выказваюць занепакоенасьць сытуацыяй, якая склалася, а менавіта няспынным ціскам на адвакацкую супольнасьць Беларусі, а таксама фактамі запалохваньня і пазбаўленьня адвакацкіх ліцэнзій, што ставіць пад пагрозу незалежнасьць адвакацкай супольнасьці Беларусі.
"Просім Вас адрэагаваць на гэтае паведамленьне ў самыя кароткія тэрміны і распачаць усе магчымыя дзеяньні ў рамках вашага мандата", - гаворыцца ў звароце.

Ганна Бахціна, адвакат жонкі экс-кандыдата ў прэзыдэнты Андрэя Саньнікава Ірыны Халіп, а таксама Дар'я Ліпкіна, адвакат актывіста Мікіты Ліхавіда, не прайшлі пазачарговую атэстацыю, якая праводзіцца Міністэрствам юстыцыі. Пазбаўленая ліцэнзіі Зарына Агеева.

Раней БХК праінфармаваў спэцдакладчыка пра "неапраўданае ўмяшаньне ў прафэсійную дзейнасьць сябра прэзыдыюма Менскай гарадзкой калегіі адвакатаў і адваката экс-кандыдата ў прэзыдэнты Алеся Міхалевіча Алега Агеева, аб спыненьні ліцэнзій на ажыцьцяўленьне адвакацкай дзейнасьці Уладзімеру Тоўсьціку, Тамары Гараевай, Алегу Агееву і Тацьцяне Агеевай, аб выключэньні са складу Менскай гарадзкой калегіі адвакатаў адваката Паўла Сапелкі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства